Актывісты збіраюць подпісы за афіцыйны статус бел-чырвона-белага сцяга
Яны прапануюць уключыць сцяг у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў краіны.
Адпаведны зварот размешчаны на сайце artsiadziba.by і адрасаваны ў Міністэрства культуры. Аўтарамі звароту ў абарону нацыянальнай сімволікі сталі ініцыятывы "БМАgroup", "Арт Сядзіба" і "Рок-салідарнасць".
Паўдзельнічаць у акцыі прапануецца ўсім неабыякавым беларусам, якія жывуць у Беларусі і за мяжою. У сваю чаргу прадстаўнікі "БМАgroup" і "Арт Сядзібы" ўзнагародзяць кожнага, хто збярэ подпісы пад зваротам. Удзельнікі збору подпісаў атрымаюць дыскі з беларускай музыкай, цішоткі, кнігі ды іншыя прыемныя падарункі.
Каб далучыцца да збору подпісаў трэба:
1. Спампаваць адзіную форму калектыўнага звароту;
2. Раздрукаваць копіі звароту;
3. Сабраць подпісы пад зваротам у адпаведнай форме: імя і прозвішча, адрас, подпіс (у кожным бланку звароту змяшчаецца 19 подпісаў);
4. Даслаць запоўненыя бланкі поштаю на адрас: 220113, Мінск, а/с 280.
На зваротны адрас, пазначаны на канверце, арганізатары дашлюць у якасці падзякі дыск "Сімвалы веры і свабоды", іншыя дыскі, выдадзеныя "БМАgroup", кнігі. Найбольш актыўныя зборшчыкі атрымаюць цішоткі з нацыянальнымі сімваламі.
Па ўсіх пытаннях звяртайцеся на скрынку [email protected].