Заўзятары збіраюць подпісы за бел-чырвона-белыя сцягі на трыбунах

“Палітыка мае заставацца па-за спортам. Катэгарычна непрымальна, што Міжнародная федэрацыя хакея і арганізатары Чэмпіянату свету 2013 праз палітычныя матывы перашкаджаюць беларускім заўзятарам карыстацца нацыянальнай сімволікай падчас гульняў спаборніцтва”, — адзначаюць аўтары петыцыі.



Збор подпісаў адбываецца на сайце change.org. На момант напісання навіны за бел-чырвона-белыя сцягі выказаліся 207 чалавек.


Нагадаем, што на чэмпіянаце свету-2013 у Швецыі адбыўся інцыдэнт з беларускімі заўзятарамі. 3 траўня арганізатары чэмпіянату свету па хакеі ў Швецыі і Фінляндыі выклікалі паліцыю на беларусаў, якія прыйшлі на трыбуну арэны ў Стакгольме падтрымаць зборную Беларусі ў матчы з Чэхіяй.


Арганізатарам чэмпіянату не спадабаліся бела-чырвона-белыя сцягі, якія вывесілі сябры “Беларускай Нацыянальнай Памяці”. Паводле хакейных функцыянераў, сцягі з’яўляюцца палітычнай сімволікай і не могуць выкарыстоўвацца.



Адзін са сцягоў быў вялізны (была таксама і харугва з выявай герба "Пагоня"). Яго неаднаразова паказвалі падчас жывой трансляцыі на тэлеканале "Беларусь-2". Калі паліцыя паспрабавала згарнуць бела-чырвона-белыя сцягі, на абарону беларусаў сталі шведскія заўзятары. У выніку беларускія сцягі змаглі правісець на трыбунах да канца матчу. Аднак арганізатары заявілі, што больш беларусаў з нацыянальнымі сцягамі на трыбуны не пусцяць.



Пазней генеральны сакратар хакейнага ЧС-2013 у Стакгольме Тоні Вірэн пацвердзіў забарону Міжнароднай хакейнай федэрацыі выкарыстання бел-чырвона-белага сцягу на матчах чэмпіянату.



5 траўня беларускія фаны зноў прынеслі на арэну ў Стакгольме нацыянальныя сцягі на матч Беларусь — Славенія. Ахова дазволіла ім разгарнуць толькі маленькія сцягі. Аднак за 7 хвілінаў да канца гульні беларусы ўсё ж разгарнулі вялізны сцяг, пасля чаго ахова скруціла іх і выкінула з арэны. Ахоўнікі матывавалі свае дзеянні тым, што сцяг перашкаджае тэхніцы бяспекі. Пра тое, што бел-чырвона-белыя сцягі — гэта “палітычная сімволіка”, размова ўжо не ішла.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі