У Бельгіі пратэставалі супраць забароны бел-чырвона-белых сцягоў (фота)
22 траўня насупраць шведскай амбасады ў Брусэлі адбыўся пікет, арганізаваны мясцовымі беларусамі.
Яны пратэставалі супраць забароны бел-чырвона-белых сцягоў падчас чэмпіянату свету па хакеі ў Швецыі. Удзел у акцыі прынялі сябры Рады Беларускай Народнай Рэспублікі ў Бельгіі і Беларуска-еўрапейскага задзіночання. Яны трымалі бел-чырвона-белыя сцягі і плакат з надпісам па ангельску “Дэмакратыя не там, дзе гуляюць у хакей, а там, дзе паважаюць свабоду”.
Праз паўгадзіны пасля пачатку акцыі да ўдзельнікаў выйшаў прадстаўнік амбасады і запрасіў раднага БНР Змітра Піменава на размову. Падчас яе супрацоўніца амбасады з паразуменнем паставілася да пікету, але паспрабавала зняць адказнасць са шведскай дзяржавы. Маўляў гэта чыноўнікі міжнароднай хакейнай федэрацыі загадалі стакгольмскай паліцыі перашкаджаць беларусам заўзець пад нацыянальнымі сцягамі і паліцыя была вымушаны выконваць загады арганізатараў хакейнага чэмпіянату.
Нагадаем, што падчас чэмпіянату свету па хакеі ў Швецыі сябрам “Беларускай Нацыянальнай Памяці” на некалькіх матчах беларускай зборнай забаранялі заўзець пад нацыянальнымі сцягамі. А калі тыя не прыслухаліся да забароны, то былі сілай выдвараны з трыбуны.