Фанаты сцяга ці фанаты беларускай зборнай?

Беларусаў з вялікім бел-чырвона-белым сцягам выдварылі з арэны ў Стакгольме падчас матчу Беларусь — Славенія. І правільна зрабілі, упэўнены кіраўнік беларускай Федэрацыі хакея Яўген Ворсін.


Яўген Ворсін: “Я лічу, што гэта не заўзятары прыйшлі на матч, а прыйшлі нейкія староннія людзі, якім, па ўсёй верагоднасці, заплацілі грошы. Таму што сярод іх былі і цемнаскурыя. Незразумела хто — нейкае рыззё. Яны стаялі і незразумела што крычалі. Проста неадэкватныя людзі”.


Ці сапраўды яны прыехалі ў Стакгольм, каб памахаць сцягамі, цікавіцца Еўрарадыё ў арганізатара свядомай падтрымкі беларускіх хакеістаў Анатоля Міхнаўца.



Анатоль Міхнавец: “Першы матч яшчэ мы глядзелі, бо нас ніхто не чапаў. Рэальна — чэхі былі мацнейшыя. Другую гульню фактычна не атрымалася паглядзець. Бо ўвесь час альбо да нас падыходзілі і кантралявалі, альбо мы падыходзілі да беларускіх заўзятараў, каб яны далучыліся да нас і разам падтрымалі зборную”.



І нават называе прозвішча хакеіста, гульня якога яму асабіста спадабалася — Стась. Паводле слоў Міхнаўца, сябры арганізацыі “Беларуская нацыянальная памяць” прапагандуюць здаровы лад жыцця.



Анатоль Міхнавец: “Мы ўдзельнічаем у розных спаборніцтвах як заўзятары — падтрымліваем з бел-чырвона-белымі сцягамі. Робім роварныя рэйды, лыжныя рэйды — практыкуем здаровы лад жыцця”.



Нацыянальныя беларускія сцягі на трыбунах стакгольмскай лядовай арэны нікому не перашкаджалі, упэўнівае Еўрарадыё Анатоль Міхнавец. Пакуль мясцовых ахоўнікаў на беларускіх заўзятараў не нацкавалі беларускія спартовыя чыноўнікі з дэлегацыі.



Анатоль Міхнавец: “Толькі ў трэцім перыядзе да нас кінулася ахова і пачала вырываць сцяг. Побач сядзелі шведскія падлеткі, былі там і цёмнаскурыя, і арабы, і белыя, якія кінуліся нас бараніць”.



У першы дзень свае дзеянні ахоўнікі і арганізатары чэмпіянату шчыра тлумачылі палітычнымі матывамі, на другі — тэхнікай бяспекі. Маўляў, раптам такі вялікі сцяг загарыцца, а раптам — будзе перашкаджаць людзям выходзіць з трыбун.


Выніку з скандалу ўсё адно не будзе, робіць сумную выснову суразмоўца Еўрарадыё.


Анатоль Міхнавец: “…акрамя таго, што нехта напіша ў фэйсбуку ці твітары: “Мне сорамна за Швецыю” ці “Мы мусім падаць у суд”.



"Зразумела, што мне не падабаецца гэтая гісторыя. Што ад мяне залежыць, я раблю. Але на такую магутную структуру, як міжнародная федэрацыя, трэба ўплываць разам з усіх бакоў. Думаю, што гэтае пытанне будзе далей абмяркоўвацца", — напісаў былы амбасадар Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан ў фэйсбуку.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі