Алег Вяль і Bristol дарабілі незавершаны трэк Tricky (слухаць)
Цяпер музыкі лічаць сваю місію ў стасунках са знакамітым брыстольцам выкананай.
Музыка Алег Вяль і яго гурт Bristol зрабілі свой варыянт "Unfinished Treck" Tricky і назвалі яго "Музыка гучыць".
Год таму заснавальнік трып-хопу выклаў у сеціва незавершаны трэк і прапанаваў дарабіць яго. Музыка, чыя версія спадабаецца Tricky, мог выканаць яе на адным з еўрапейскіх канцэртаў брыстольца. У лік фаварытаў Tricky патрапіў і Алег Вяль, які ў выніку паехаў на канцэрт ва Уроцлаў. Праўда, на сцэну беларускі музыкант так і не выйшаў: Tricky быў не ў гуморы і пра яго забыўся. Аднак прыезд Tricky у Мінск нагадаў Алегу леташнюю гісторыю і стаў нагодай давесці трэк да ладу і нават зрабіць відэа на яго.
"Мы з гуртом выціснулі з таго трэка асобную песню, і яна някепска загучала", — кажа Алег і смяецца. — Місію цяпер можна лічыць выкананай".
На мінскі канцэрт Tricky 24 верасня Алег не збіраецца, але з запалам узгадвае выступ музыкі ва Уроцлаве:
"Гэта быў транс. Я назіраў за нейкім чароўным рытуалам. Было адчуванне, што Tricky знаходзіцца не на сцэне, а недзе ў паветры, у іншай рэальнасці, і я, мабыць, разам з ім".
Алег Вяль — экс-лідар гурта Hair Peace Salon, пра распад якога стала вядома год таму. Сам Алег сабраў новы гурт Bristol, які ў траўні 2014 года прэзентаваў дэбютны EP "Неба абраз". Цяпер гурт піша новыя песні.