Алімпійская зборная Беларусі вярнулася ў Мінск з Сочы (відэа)
Самалёт з беларускай дэлегацыяй на борце прызямліўся ў Нацыянальным аэрапорце Мінск у 17.45.
Алімпійцаў сустракалі міністр спорту Аляксандр Шамко, памочнік прэзідэнта па фізічнай культуры, спорту і турызму Максім Рыжанкоў. Паводле некаторых СМІ, прысутнічаў таксама старшыня КДБ Валерый Вакульчык.
Ля трапа самалёта, прылёт якога затрымаўся на некалькі гадзін, адбылася ўрачыстая цырымонія сустрэчы спартсменаў і трэнераў, перадае БелаПАН. Перад алімпійцамі пасцялілі чырвоную дывановую дарожку, спартоўцаў віталі вайсковы аркестр і Рота ганаровай варты. Пасля гэтага алімпійцы прайшлі ў залу ўрадавага сектара аэрапорта. Там іх чакалі некалькі соцень чалавек — журналісты, сваякі, чыноўнікі, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, працоўных калектываў, федэрацый па відах спорту, юныя спартсмены.
Нагадаем, што Алімпійскія гульні ў Сочы сталі самымі паспяховымі для беларускай зборнай за ўсю яе гісторыю. Беларусь заваявала шэсць медалёў — 5 залатых і 1 бронзавы. Наша краіна заняла 8-е месца па якасці ўзнагарод і 17-е па колькасці (разам з Польшчай).
Беларускіх алімпійцаў з Сочы даставяць не прэзідэнцкім "Боінгам"
Фота — БЕЛТА