Аляксандр Алесін: Беларусі патрэбная армія ў 2 разы меншая, чым цяпер

Еўрарадыё: Якая армія патрэбная Беларусі?


Алесін: Калі браць толькі з пункту гледжання абстрактных пытанняў нацыянальнай бяспекі, я думаю, што Беларусі была б патрэбная ў 2 разы меншая армія, чым цяпер. На еўрапейскім кантыненце ўсё ж такі рэальнай пагрозы ваеннага сутыкнення ў бліжэйшы час не існуе. Але ёсць яшчэ пытанні высокай палітыкі – адносіны з Расіяй і Захадам...


У дадзеным выпадку можна выкарыстоўваць узброеныя сілы як козыр у гульні з партнёрамі. Для таго, каб паказаць Расіі значнасць Беларусі як магутнай ваеннай дзяржавы, мы і ўтрымліваем армію ў 2 разы большую, чым нашы запатрабаванні. Гэта для таго, каб мы маглі сказаць – глядзіце, якая ў нас вялікая армія, мы спецыяльна для вас яе ўтрымліваем, каб прыкрыць вас з захаду ад блока НАТА... І за гэта вы нам павінны падаць льготы і прэферэнцыі па энерганосьбітах і г.д.


Такі гандаль з пераменным поспехам ідзе ўжо гадоў 10. Але тэндэнцыя такая – Расія лічыць, што яна павінна ўсе менш і менш плаціць Беларусі за яе ваенныя паслугі. Штосьці за кошт гэтага выбіць” усё ж такі атрымоўваецца… Таму, я думаю, што на працягу бліжэйшых пяці гадоў сітуацыя захаваецца. Беларусь будзе захоўваць даволі вялікія ўзброеныя сілы для таго, каб падняць сваю значнасць як у адносінах з Расіяй, так і ў адносінах з Захадам. Колькасць арміі будзе складаць прыкладна 60-65 тысяч чалавек.


То бок Расіі наша армія патрэбная?


У Расіі вельмі вялікія цяжкасці з армейскай рэформай. Яны спрабуюць перайначыць армію пад сучасныя патрабаванні, але з аднаго боку ў іх вельмі рэзкае падзенне нараджальнасці, а з іншага – жадаючых служыць усё менш і менш… Таму, у Расіі цяпер вельмі маленькі рэзерв. А ёсць яшчэ і Кітай, мяжу з якім трэба прыкрываць…
У выніку заходнія межы Расіі забяспечвае практычна толькі беларуская армія. І Расіі, вядома, давядзецца з гэтым лічыцца і штосьці за гэта плаціць.


Не так даўно “Вікілікс” апублікавала артыкул, паводле сакрэтных дакументаў НАТА, згодна з якімі цяперашні стан расійскай арміі – вельмі дрэнны. Там сярод праблемаў пералічваюцца і састарэлы тып узбраенняў, і нястача стратэгічных транспартных сродкаў, слабая прафесійная падрыхтоўка… Ці ёсць тыя самыя праблемы і ў нашай арміі, ці ў нас лепшы стан?


Наша армія меншая, таму і праблемы іншыя. У нас атрымалася паспяхова правесці рэформу, калі мы ад савецкай арміі перайшлі да арміі, больш зарыентаванай на запатрабаванні сучаснай вайны. Гіганцкія арміі, карпусы і дывізіі пераўтварылі ў структуру больш падобную да еўрапейскай. Гэта перш за ўсё – мабільныя брыгады, які могуць дзейнічаць самастойна… Апроч гэтага мы перайшлі да сістэмы аператыўна-тактычных камандаванняў. Колькасць арміі атрымалася скараціць без балючых наступстваў.


То бок, у нас атрымалася даволі безбалюча скараціць і перабудаваць армію, што ў Расіі пакуль не атрымоўваецца.


Гэта плюс беларускай арміі, а якія існуюць мінусы? Якія праблемы беларуская арміі?


Ад савецкай арміі нам перайшла вельмі вялікая колькасць узбраенняў. Па танках, па бронетранспарцёрах, па ствольнай артылерыі на 1000 вайскоўцаў, па маіх падліках, беларуская армія займае першае-другое месца ў Еўропе. Але бяда ў тым, што ўся гэтая тэхніка ўвесь час старэе! Яна адстае ад патрабаванняў сучаснай вайны... І гэта адставанне стала вельмі значным. А сродкаў для таго, каб замяняць тэхніку ў дзяржавы няма.


У нас прыняты курс на мадэрнізацыю гэтай тэхнікі, але бясконца яе паляпшаць нельга. Калісьці надыходзіць час, калі яна фізічна зношваецца і яе трэба мяняць. Тут Беларусь разлічвае на дапамогу Расіі, заключаныя адпаведныя дамовы, што будзем атрымоўваць тэхніку па ўнутрырасійскіх цэнах… Але расійскі ваенна-прамысловы комплекс сам стаў вельмі слабым. Таму, на жаль, усур’ёз разлічваць на дапамогу Расіі не даводзіцца.


Што ж тычыцца вывучкі, баявой падрыхтоўкі, маральнага стану духу, я думаю, што ў гэтым плане беларускай армія нашмат вышэй за расійскую. У нас няма галоўнай праблемы, якая раз’ядае расійскую армію – нацыянальнай розні. У Расіі вельмі шмат выхадцаў з Каўказу, з мусульманскіх рэгіёнаў... Нацыяналістычныя тэндэнцыі з абодвух бакоў вельмі моцна абвастрыліся. Спадзявацца на армію, якая раз’ядаецца такімі супярэчнасцямі – вельмі цяжка.
У Беларусі ж аўтарытэт арміі даволі высокі, і збольшага стаўленне ў грамадства да нашай арміі – станоўчае.


Раней вы казалі пра тое, што армія ў Беларусі маленькая, а прызыўнога кантынгенту – вельмі шмат. І таму ваенкамат нават шукае магчымасці не браць людзей у армію…


Гэта сапраўды так, але колькасць ільготаў настолькі вялікая, што армія пачала адчуваць дэфіцыт здаровага прызыўнога кантынгенту. Цяпер у сілу ўваходзіць “чарнобыльскае пакаленне”, у выніку вялікая колькасць нашых прызыўнікоў маюць захворванні. Для грамадзянскага жыцця яны, магчыма, не маюць крытычнай ролі, але для выканання воінскага доўгу такія людзі не могуць быць прыцягнуты.


Акрамя гэтага рэзка павысіліся патрабаванні да адукацыйнага ўзроўню. З прыняццем на ўзбраенне навейшых сістэм электронікі, радыёлакацыі, аўтаматызаваных сістэм кіравання, цяпер па многіх спецыяльнасцях патрэбная ледзьве не інжынерная падрыхтоўка. Менавіта з гэтымі спецыяльнасцямі ўзнікае пэўная напружанасць – калі ў арміі большыя запатрабаванні, чым яна можна прыцягнуць… Па шэрагу спецыяльнасцяў ёсць недахоп. Таму пачалі забіраць больш спецыялістаў з сярэдняй, сярэдне-тэхнічнай адукацыяй, людзей якія вучацца ў ВНУ.


Як змянілася армія за часы кіравання Аляксандра Лукашэнкі?


Як тэхнічныя спецыялісты нашы міністры абароны апынуліся на ўзроўні. Яны ўзялі за ўзор многія заходнія дасягненні. Напрыклад, служба ў рэзерве, што дазваляе папоўніць дэфіцыт людзей, якія маюць рэдкія ваенныя спецыяльнасці.


Другое – гэта сістэма тэрытарыяльнай ваеннай абароны. Ёсць людзі больш сталага ўзросту, якія яшчэ цалкам могуць трымаць у руках зброю і ахоўваць свой родны дом. У выпадку ўзнікнення пагрозы, на тэрыторыі адміністратыўнай адзінкі ствараецца структура па тэрытарыяльнай абароне... Гэтыя людзі абмундзіроўваюцца, ім даецца зброя… І яны ахоўваюць тую тэрыторыю, дзе жывуць. Мне падаецца, што такая сістэма даволі эфектыўная. Гэта дазваляе вызваліць ад тылавых функцый страявыя баяздольныя войскі і выкарыстоўваць іх на накірунку актыўных баявых дзеянняў.


Вельмі важна тое, што ў нас створаныя сілы спецыяльных аперацый. Досвед паказвае, што вялікіх войнаў “сценка на сценку”, калі ёсць франты і акопы больш не будзе. Калі не дай бог пачнецца вайна, то гэта будуць кропкавыя баявыя дзеянні на найбольш важных накірунках. Іх і будуць весці сілы спецыяльных аперацый пры дапамозе высокадакладнай зброі.


Рэзка павышаецца роля радыёэлектроннай барацьбы. Калі пры дапамозе спецыяльных сродкаў падаўляюцца прылады прыцэльвання самалётаў, ракет і г.д. Іх боегалоўкі, сістэмы навядзення падаўляюцца перашкодамі. Такія сучасныя тэндэнцыі дазваляюць нам часткова кампенсаваць адставанне па шэрагу іншых накірункаў – тэхніка сухапутных войскаў, супрацьпаветраная абарона і г.д.


Колькі ўсяго людзей служыць у беларускай арміі? Ці не змянялася колькасць за апошні час?


Пакуль гэта лічба прыкладна захоўваецца на тым самым узроўні – 60-65 тысяч чалавек. З іх 15 тысяч – гэта вольнанаёмныя, людзі, якія працуюць па кантракце, ажыццяўляюць абслугоўванне ваеннай тэхнікі. У арміі ёсць і электрычнасць і вадаправод… І гэта ўсё трэба абслугоўваць. Хтосьці займаецца рамонтам аўтамабільнай тэхнікі. Ёсць кантрактныя павары, фінансісты, машыністкі і г.д. Такім чынам у страі – 40-45 тысяч чалавек.


Відавочна, што і далей будзе ісці скарачэнне. Я думаю, што беларуская армія скароціцца яшчэ тысяч на 5. Пасля крызісу дастаткова цяжкае фінансавае становішча. Не заўсёды атрымоўваецца вылучыць дастатковую колькасць сродкаў…


Колькі ваенных кантрактнікаў служыць у нашай арміі?


Першапачаткова іх хацелі давесці ледзьве не да 50% войска. У нас на кантракт прымаюцца перш за ўсё тэхнічныя спецыялісты. Але гэты працэс стаў больш марудным… Магчыма таму, што для таго, каб чалавек ішоў працаваць у армію на кантракт, яму трэба забяспечыць дастаткова высокі ўзровень грашовага ўзнагароджання. Пакуль жа дзяржава не ў стане забяспечыць узровень дабрабыту для кантрактнікау ў такой колькасці. Сёння кантрактнікі складаюць прыкладна 20% ад колькасці страявых...


Такім чынам, ідэя зрабіць з беларускай арміі прафесійную армію, дзе людзі б служылі толькі па кантрактах пакуль нерэальная?


Як паказвае практыка іншых краінаў, кантрактная армія – гэта вельмі дарагое задавальненне. Толькі вельмі багатыя краіны могуць сабе гэта дазволіць. У амерыканскай арміі як раз самая вялікая частка абароннага бюджэту – гэта не ядзерныя ракеты, не гіганцкія падводныя лодкі… Каля 75-80% складае менавіта ўтрыманне кантрактных ваеннаслужачых. Таму, бедныя не могуць сабе дазволіць кантрактную армію.


Нават калі скараціць яе ў 2 разы?


Я думаю, што і ў 2 разы было б мала… Улічваючы, як расце інфляцыя, як даражэе харчаванне, камуналка і г.д.


Што калі не грошы матывуе нашых людзей служыць у арміі?


На самой справе мы, напэўна, трошку не даацэньваем патрыятызм беларусаў. Усё ж такі існуе нейкі нацыянальны гонар. У многім гэта і абумоўлівае тое, што людзі выконваюць свой доўг, разумеюць, што гэта трэба…
Акрамя гэтага, заўсёды ёсць пэўная колькасць людзей, якія з'яўляюцца байцамі, авантурыстамі па натуры. Кандыдатаў у спецназ хоць адбаўляй… Ёсць людзі, якія хочуць зрабіць ваенную кар'еру. Як кажуць, “плох той салдат, які не хоча стаць генералам».


Цяпер, натуральна, ёсць адна вельмі негатыўная рыса – вялікая колькасць “маменькіных” сынкоў, калі хлопчык выхоўваецца толькі мамай. У сувязі з гэтым шмат каму ў арміі цяжкавата…


Такім людзям, магчыма, магла б дапамагчы альтэрнатыўная служба… “Не хачу служыць, іду даглядаць за хворымі”… У ранейшай нашай размове вы казалі, што заканадаўца проста не асэнсоўвае, што гэта трэба рабіць, што гэта наспела… Ці наблізіліся мы хоць троху да альтэрнатыўнай арміі?


Думаю, што разуменне ўсё ж такі расце. Але тут ёсць небяспека, што людзі пад выглядам ідэйных меркаванняў будуць больш выконваць альтэрнатыўную службу, і прызыўнога кантынгенту будзе не хапаць… Адны кажуць – ды вы проста хочаце адкасіць… А іншыя кажуць – гэта вы агулам гоніце ўсіх людзей у казарму і не разумееце, што людзі розныя. Пакуль усё ж такі непаразуменне застаецца.


Трэба нейкім чынам дасягнуць кампрамісу… Але гэта справа не ваенных. Усякая бюракратычная арганізацыя хоча мець больш рэсурсаў, больш правоў… Так жа сама і армія, ваенныя хочуць мець больш персаналу, больш грошай, больш ваенная тэхнікі. І калі ёсць спроба іх абмежаваць, то, зразумела, яны супраціўляюцца. Таму я мяркую, што гэта перш за ўсё прабел у заканадаўцаў і ў грамадскасці, якая не ўмее працаваць з заканадаўцамі.


Апошнiм часам часта выказвалася прапанова аб скарачэннi тэрмiнаў службы ў армii. Як вы ставiцеся да гэтай iдэi?

Міністр абароны сказаў, што тэарэтычна гэта рэальна, але ў такім разе трэба павысіць інтэнсіўнасць ваеннай падрыхтоўкі. Для гэтага трэба больш мець трэнажораў, вучэбнага абсталявання… За кошт гэтага можна рэзка спрэсаваць час, скараціць падрыхтоўку.


Калі б у нас былі матэрыяльныя рэсурсы, калі б прамысловасць дала ім неабходную колькасць трэнажораў, паліва, баявой тэхнікі і мотарэсурсаў, у такім разе можна было б скараціць службу да года ці нават да 6 месяцаў…


Ці мэтазгодна гэта рабіць?


А навошта людзей трымаць у казарме, адрываць ад сям’і, з народнай гаспадаркі… Калі мы атрымоўваем паўнавартаснага ваеннага спецыяліста, падрыхтоўка якога не горшая за цяперашнюю, то натуральна – гэта выгадна. Камерцыйна дзяржава б выйграла. Гэтыя б людзі працавалі, зараблялі грошы і не былі людзьмі, якія толькі спажываюць.


Колькі грошай штогод выдаткоўваецца на беларускую армію?


НАТА рэкамендуе, каб краіны-удзельніцы трацілі на ваенныя выдаткі 2% ад унутранага валавога прадукту. Згодна з некаторымі адзнакамі, Беларусь траціць толькі 1,5%. Я неяк лічыў – гэта было прыблізна 800 мільёнаў долараў. Наўрад ці гэтыя магчымасці павялічыліся пасля крызісу.


Думаю, што калі ва ўрада паўстане пытанне, з каго здымаць і каго абмяжоўваць, то ваенныя будуць у апошнюю чаргу… Таму, напэўна, тут не варта чакаць моцнага павелічэння выдаткаў.


Пры гэтым Лукашэнка заяўляў, што да 2015 трэба нашу армію давесці да сусветных стандартаў…


З іншага боку, нядаўна ён сказаў, што магчымая карэкціроўка праграмы пераўзбраення. У сувязі з фінансавым становішчам, якое змянілася.


Трэба разумець, што менавіта павінна развіваць Беларусь у першую чаргу. Усе напрамкі мы развіваць не можам… Напрыклад, замяніць танкавы парк (парадку 1800 танкаў) мы не можам. Гэта вельмі дарагое задавальненне. Цалкам замяніць артылерыю мы не можам, ракетную і авіяцыйную тэхніку – таксама. Але мы можам падняць тэхнічны ўзровень ужо існуючай тэхнікі. За кошт моцных бакоў паспрабаваць кампенсаваць слабыя.


У якіх міжнародных праграмах супрацоўнічаем. Беларусь супрацоўнічае з НАТА, у якіх місіях мы ўдзельнічаем? А з Расіяй?


Так, Беларусь спрабуе ўдзельнічаць у міратворчых місіях, напрыклад, у межах “партнёрства дзеля міру”. Гэта НАТАўская праграма, мы там рыхтуемся да выканання міратворчых аперацый. НАТАўцы нам дапамагаюць і ў моўнай падрыхтоўцы, дзеляцца досведам міратворчых аперацый. Гэта перш за ўсё нашы ваенныя дактары, інжынеры, МНС… Яны рыхтуюцца да выканання міратворчых аперацый за межамі Беларусі.


Супрацоўніцтва магло быць больш шырокім, але, на жаль, не ўрэгуляваныя пытанні прысутнасці ваеннаслужачых НАТА на нашай тэрыторыі са зброяй.


Расія ж – наш ваенны саюзнік. У нас ёсць дагаворныя абавязальніцтвы, якія прадугледжваюць вядзенне сумесных баявых дзеянняў, у выпадку калі на адну з краінаў будзе здзейснены напад. Ажно да таго, што Расія на нашу абарону можа прымяніць свае ядзерныя сілы.

Аляксандр Алесін - ваенны аналітык, аглядальнік газеты "Беларусы і рынак"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі