Аляксандр Лукашэнка: я ад'ехаў, дык вы ў Мінску ваду загадзілі
Падчас паездкі ў Салігорск Аляксандр Лукашэнка выказаўся пра кепскую ваду ў Мінску.
"Я жартам сказаў: кудысьці я ад'ехаў, дык вы ў Мінску ваду загадзілі. Ужо, калі з'язджаю куды-небудзь, запалкі хаваю, каб вы не падпалілі краіну. Таму я сапраўды так асцярожнічаю, калі выязджаю за межы Беларусі", — прыводзіць тэлеканал СТБ словы кіраўніка дзяржавы.
Пры гэтым Лукашэнка заявіў, што нічога страшнага з вадой не здарылася: "Там жа здаецца, што — ай-яй-яй, тут нешта здарылася, прыязджаю — нібыта ўсё на месцы".
У выніку аварыйнай сітуацыі ў сераду без нармальнай вады засталіся Маскоўскі і Фрунзенскі раёны Мінска, дзе жывуць каля 750 тысяч чалавек. Пры гэтым прадстаўнікі "Мінскводаканала" запэўнівалі, што вада ў кране прыдатная для ўжывання і піцця. Пазней медыкі Гарадской станцыі хуткай меддапамогі прызналі, што да іх было 15 зваротаў у сувязі з карыстаннем кепскай вадой. Чатыры чалавекі былі шпіталізаваныя.
У чацвер, 25 чэрвеня, "Мінскводаканал" прызнаў, што вадаправодная вада ў некалькіх раёнах сталіцы непрыдатная для піцця. Аварыйная зона захапіла амаль палову Мінска, дайшоўшы да Нямігі і раёна вакзала.
Увечары 26 чэрвеня ўлады Мінска паведамілі, што сітуацыя амаль выпраўленая, але дазвол на выкарыстанне вады ў пітных мэтах будзе давацца індывідуальна кожнаму дому, установе, прадпрыемству.
Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Дзмітрый Крутой назваў сітуацыю з вадой звычайнай і штатнай. Па яго словах, яе перабольшваюць, бо ў краіне ідуць прэзідэнцкія выбары.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.