Аляксандр Лукашэнка засумняваўся ў тэставанні, рэпетытары — не сумняваюцца

Аляксандр Лукашэнка засумняваўся ў тэставанні, рэпетытары — не сумняваюцца

На нарадзе аб адукацыі Аляксандр Лукашэнка раптоўна ставіць пад сумнеў цэнтралізаванае тэставанне. Гэта пасля 12 гадоў існавання гэтай формы ўступных іспытаў у ВНУ.

"Ёсць тыя, хто за ЦТ, і нямала тых, што выступае за ранейшыя формы экзаменаў. Дзесьці, асабліва ў творчых ВНУ, мы спрабавалі сумясціць ЦТ са звычайнымі формамі экзаменаў. Сёння мы, ды і я ў тым ліку, далёка не адназначныя ў меркаванні па гэтым пытанні. У мяне няма перавагі да якой бы там ні было формы ўступных выпрабаванняў, таму я больш арыентуюся на вас, на грамадства", — заяўляе кіраўнік краіны.

Аляксандр Лукашэнка засумняваўся ў тэставанні, рэпетытары — не сумняваюцца

Лукашэнка сумняваецца ў неабходнасці цэнтралізаванага тэставання

І патрабуе, каб пры наборы абітурыентаў у ВНУ ўлічваліся патрэбы эканомікі.

Аляксандр Лукашэнка шмат разоў выказваўся пра цэнтралізаванае тэставанне. Напрыклад, у 2014 годзе тэставанне дапамагае перамагчы карупцыю:

"…памятаеце, як за хабар "залатая моладзь" прарывалася ў ВНУ, і ведаеце, што такое тэставанне, пры ўсіх недахопах, сёння паступіць у ВНУ можна ў пераважнай большасці толькі па ведах".

Аднак, у тым жа 2014 годзе тэставанне перашкаджае аграрыям прарвацца праз конкурс:

"Тэставанне парой адсякае здольных маладзёнаў, якія па розных прычынах могуць мець меншы аб'ём школьных ведаў, але ў працэсе вучобы здольныя паказаць добры вынік".

А дванаццаць гадоў таму, у 2004 годзе, калі толькі ўводзілі гэтую форму іспытаў, тэставанне дапамагала змагацца з рэпетытарствам:

"У Мінску была прама бяда, але мы яе, напэўна, ўжо пераадолелі, — рэпетытарства. Выкладчыкі з ВНУ па 10-12 дзетак набіраюць і рыхтуюць паступаць у ВНУ. А потым яны ж прымаюць экзамены. Тэставанне, па-мойму, гэта адаб'е. Хоць мы, напэўна, спынімся на чымсьці сярэднім. У асноўным будуць тры экзамены, з якіх адзін — сумоўе, як мы вусна раней здавалі для таго, каб паглядзець на гэтага чалавека, і два, напэўна, будуць ісці па тэстах", — прагназаваў тады Аляксандр Лукашэнка.

Сёння ўсе рэпетытары ў адзін голас падтрымліваюць тэставанне, як "самую аб'ектыўную форму з магчымых". 

"Тэставанне — адзіны экзамен, які праводзіцца хутчэй сумленна, чым несумленна, - аналізуе рэпетытар Яўген Лівянт, — Я не магу сказаць, што ён ідэальны. Для мяне там ёсць сумнеўныя элементы. Але абасалютная большасць вучняў мае сумленныя вынікі на тэставанні. Усе школьныя экзамены, я маю на ўвазе выпускныя, гэта ў большасці прафанацыя. Экзамены ў гімназію, на маю думку, хутчэй несумленныя, чым сумленныя. І ў мяне ёсць сур'ёзныя сумневы ў аб'ектыўнасці ўступных экзаменаў у ліцэі, а таксама ў справядлівасці размеркавання месцаў на прадметных алімпіядах ўсіх узроўняў — ад раённай да рэспубліканскай".

"Сувязі, знаёмствы, радня пры паступленні, просьбы, з тэстамі гэта ўсё не працуе. Няма спакусы нават звяртацца да кагосьці", — ацэньвае рэпетытар Аляксандр Луцэвіч.

"Раней шукалі сувязі і падвязкі, калі экзамены здавалі ў ВНУ. Тэставанне можна ўдасканальваць, але адмяняць яго нельга. Тады дзеці з глыбінкі не змогуць разлічваць на прэстыжныя спецыяльнасці", — меркаванне рэпетытара фізікі і матэматыкі Аляксея Васілеўскага.

У выніку на нарадзе вырашылі дадаць яшчэ адно тэставанне да 2017 года. Абітурыенты будуць мець права здаваць не тры, а чатыры розныя тэсты.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі