Амаль увесь савет камандзіраў вагнераўцаў знаходзіцца ў Беларусі — Стралкоў
Вагнераўцы ў Растове-на-Доне / Telegram
Амаль усё кіраўніцтва вагнераўцаў ужо знаходзіцца ў Беларусі. Пра гэта ў чарговым стрыме заявіў камандзір групы расійскіх дыверсантаў у Крыме і на Данбасе ў 2014-м, палкоўнік ФСБ у адстаўцы Ігар Стралкоў (Гіркін).
"Я дакладна ведаю, што амаль увесь савет камандзіраў, за выключэннем некалькіх чалавек, якія не прынялі ўдзелу ў мецяжы, знаходзіцца ў Беларусі, — кажа Стралкоў. — Гэта людзі, якія моцна звязаныя з Прыгожыным. Нельга выключаць, што ён будзе мець на іх, як мінімум, вельмі сур'ёзны ўплыў, ці цалкам захавае над імі кантроль".
Стралкоў не выключае выкарыстання ў будучым вагнераўцаў "на палітычным полі Расійскай Федэрацыі". Ён перакананы, што Аляксандр Лукашэнка не будзе фінансаваць іх дзейнасць у РБ (за выключэннем працы інструктараў). Якраз у пятніцу Лукашэнка гаварыў, што вагнераўцаў не трэба баяцца, бо былых асуджаных сярод іх ужо няма, і яны найхутчэй будуць працаваць у якасці інструктараў з беларускімі вайскоўцамі, якія не маюць баявога вопыту. Для іх будуецца, як мінімум, адзін вайскова-палявы лагер.
Тым часам краіны ЕС, якія мяжуюць з Беларуссю, а таксама Украіна заклапочаныя з'яўленнем вагнераўцаў у РБ.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.