Вагнераўцы могуць пайсці з Беларусі ў ЕС разам з мігрантамі — прэзідэнт Літвы

Вагнераўцы ў Растове-на-Доне / Telegram
Вагнераўцы ў Растове-на-Доне / Telegram

Прэзідэнт Гітанас Наўседа не выключае, што калі частка наймітаў-вагнераўцаў перабярэцца ў Беларусь, то рэжым Аляксандра Лукашэнкі паспрабуе выкарыстаць іх для нелегальнай міграцыі ў Літву і іншыя краіны, якія мяжуюць з РБ. Таму Захад павінен быць гатовы да падобных правакацый і пагроз, сказаў ён у падкасце выдання Politico.

"Думаю — глядзіце, аднойчы гэтымі нелегальнымі мігрантамі могуць стаць вагнераўцы, — разважае Наўседа. — Ці гатовыя мы да такіх выклікаў? Так, мы пабудавалі плот, усталявалі сістэмы назірання [на мяжы з Беларуссю]. Але яны могуць выкарыстоўваць гэтых "зялёных чалавечкаў" або вагнераўцаў у якасці нелегальных імігрантаў. Нельга выключыць такую верагоднасць".

Прэзідэнт Літвы лічыць, што нелегальная міграцыя ў руках Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна — "гэта іншы від міграцыі". Таму патрабуюцца адпаведныя рашэнні. А пакуль мігрантаў спрабуе нелегальна перайсці ў Літву няшмат. Пры гэтым пагроза дэстабілізацыі сітуацыі на мяжы з боку Беларусі захоўваецца, падкрэслівае Гітанас Наўседа.

Захад ускладае на рэжым Лукашэнкі адказнасць за міграцыйны крызіс 2021-га. З тэрыторыі Беларусі ў Польшчу, Літву і Латвію прарываліся тысячы грамадзян краін Азіі і Афрыкі. Краіны ЕС вымушаны былі ўмацаваць ахову мяжы, пабудаваць плот. РБ ж атрымала новыя санкцыі. Пры гэтым нядаўна ў Беларусі распачалі крымінальную справу супраць... літоўскага боку за "злачынствы супраць бяспекі чалавецтва". У Літве яе назвалі "чарговай правакацыяй недэмакратычнага беларускага рэжыму".

У Беларусі чакаецца прыбыццё вагнераўцаў, якія ваявалі супраць Украіны, а пасля ўдзельнічалі ў "паходзе на Маскву". Мяркуецца, што іх размесцяць у некалькіх раёнах краіны, і яны будуць трэніраваць беларускіх вайскоўцаў і сілавікоў.

У такой сітуацыі Літва ўзмацняе ахову мяжы з Беларуссю і Расіяй, аднак падстаў для поўнага закрыцця мяжы пакуль няма, заявіў міністр замежных спраў Габрыэлюс Ландсбергіс. Мяжу з Беларуссю ўзмацняе і Украіна. Вагнераўцаў у Беларусі бачаць патэнцыйнай пагрозай і ў Польшчы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі