Бос-крымінальнік, забойства кувалдай: партрэт найміта, які будзе жыць у Беларусі

Расказваем, хто ён такі — баец ПВК “Вагнер” / калаж Улада Рубанава
 
Расказваем, хто ён такі — баец ПВК “Вагнер” / калаж Улада Рубанава  

Пасля (неда)мяцяжу Прыгожына і ўцёкаў у Беларусь навіны пра “вагнераўцаў” не сыходзяць інфармацыйнай прасторы. Але ці ўсе беларусы ведаюць, хто цяпер будзе жыць з імі пад адным “дахам”?

Расказваем, хто ён такі — баец ПВК “Вагнер”. А таксама, чым гэтая прыватная вайсковая кампанія паспела “праславіцца”.

З’яўленне ПВК

Натхняльнікам стварэння прыватных ваенных кампаній у Расіі быў заснавальнік першай у свеце легальнай прыватнай арміі Executive Outcomes Эбен Барлоў.

З 2000 года Мінабароны разглядала ідэю фармавання прыватнага войска з адстаўных вайскоўцаў і кантрактнікаў для сакрэтных задач. І ўжо ў 2010 годзе Эбен Барлоў прыбыў у Расію, дзе правёў закрытую прэзентацыю сваёй ідэі. Менавіта пасля гэтага пачалася гісторыя стварэння ПВК “Вагнер”.

Лідарам ПВК на першым этапе лічыўся Дзмітрый Уткін. Яго біяграфія вельмі загадкавая. Да пачатку 2010-х ён быў высокапастаўленым вайскоўцам — камандаваў асобным аддзелам спецназу ГРУ. Затым звольніўся ў запас і працаваў у расійскай ПВК Moran Security Group, якая ахоўвала марскія судны.

Затым ён паспеў паваяваць у Сірыі ў складзе ПВК "Славянскі корпус", а з 2014 года камандаваў атрадам прарасійскіх сіл на тэрыторыі Данецкай і Луганскай народных рэспублік.

Уткін узяў сабе пазыўны Вагнер — па адной з версій, адсюль і пайшла назва ПВК, якая паступова фармавалася на аснове яго атрада. У 2016 годзе Дзмітрый прысутнічаў на прыёме ў Крамлі з нагоды святкавання Дня герояў Айчыны. У 2017 годзе Уткін, паводле крыніц РБК, узначаліў рэстаранны бізнес Яўгена Прыгожына.

Дзе ваявалі вагнераўцы?

Першыя сведчанні аб дзейнасці ПВК “Вагнера” былі зафіксаваныя ўкраінскімі спецслужбамі ў траўні 2014 года ў Данбасе. У кастрычніку 2017 года кіраўнік СБУ Украіны Васіль Грыцак заявіў аб датычнасці "вагнераўцаў" да знішчэння ваенна-транспартнага Іл-76 на ўсходзе Украіны ў чэрвені 2014 года, штурму Данецкага аэрапорта і баявых дзеяннях пад Дэбальцава.

З другой паловы 2015 года сведчанні актыўнасці ПВК “Вагнера” з'яўляліся ўжо ў Сірыі. СМІ пісалі ў тым ліку пра іх удзел ў штурмах Пальміры ў 2016 і 2017 гадах. Напрыклад, РБК паведамляў, што з сярэдзіны 2015 года байцы ПВК перад адпраўкай на Блізкі Усход трэніраваліся на базе ў пасёлку Молькіна Краснадарскага краю.

ААН запэўнівала, што з кастрычніка 2018 года звыш тысячы байцоў ПВК "Вагнер" былі размешчаныя ў Лівіі. У красавіку 2020 года СМІ паведамлялі пра тое, што ў гэтай краіне загінулі дзесяць супрацоўнікаў арганізацыі, якія ваююць на баку Лівійскай нацыянальнай арміі. Расійскі МЗС гэтыя дадзеныя адмаўляў.

У верасні 2021 года ўлады Малі прызналі, што звярнуліся ў "Вагнер" для забеспячэння бяспекі, навучання вайскоўцаў і абароны высокапастаўленых асоб. Таксама ПВК прыпісвалі дзеянні ў Цэнтральнаафрыканскай рэспубліцы (ЦАР), Судане і іншых афрыканскіх краінах.

33 вагнераўца “Ціханоўскага” і “Статкевіча”

У Беларусі ПВК “Варнер” стаў шырока вядомы падчас прэзідэнцкай кампаніі ў 2020-м. За 2 тыдні да дня галасавання пад Мінскам спецназ КДБ і АМАП затрымаў 33 чалавекі. ДзяржСМІ назвалі іх баевікамі Вагнера. 32 з іх забралі з санаторыя "Беларусачка" пад Мінскам, яшчэ адзін чалавек быў знойдзены і затрыманы на поўдні краіны.

Усе затрыманыя, па паведамленнях беларускіх ведамстваў, былі грамадзянамі Расійскай Федэрацыі, 13 з іх згадваліся ва ўкраінскай базе "Міратворац" як удзельнікі ваенных дзеянняў на Данбасе на баку сепаратыстаў. Праваахоўныя органы заявілі, што "атрымалі інфармацыю аб прыбыцці на нашу тэрыторыю больш за 200 баевікоў для дэстабілізацыі абстаноўкі ў перыяд выбарчай кампаніі".

Бос-крымінальнік, забойства кувалдай: партрэт найміта, які будзе жыць у Беларусі
Затрыманне вагнераўцаў / скрыншот з аператыўнага відэа

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў "звярнуцца неадкладна ў адпаведныя структуры Расійскай Федэрацыі, каб яны растлумачылі, што адбываецца", і абвінаваціў РФ… у "нячыстых намерах".

Пазней Следчы камітэт паведаміў, што 33 расіянаў абвінавачваюць у “арганізацыі масавых беспарадкаў” і яны праходзяць па адной справе з Сяргеем Ціханоўскім і Мікалаем Статкевічам.

Расія ўсе абвінавачанні абвяргала — консул пасольства РФ у Беларусі Кірыл Плятнёў пасля сустрэчы з затрыманымі паведаміў, што ўсе яны знаходзіліся ў Беларусі праездам. Канчатковым пунктам з'яўлялася "адна з краін Лацінаамерыканскага рэгіёна".

5 жніўня адбылася размова Уладзіміра Зяленскага і Аляксандра Лукашэнкі, падчас якой прэзідэнт Украіны папрасіў перадаць у краіну затрыманых байцоў. Паводле яго слоў, яны бралі ўдзел у падзеях на Данбасе ў складзе незаконных узброеных фармаванняў. 6 жніўня Украіна накіравала Беларусі афіцыйны запыт аб выдачы.

Чым усё скончылася? Адразу пасля выбараў, 14 жніўня, афіцыйны Мінск зняў з затрыманых усе абвінавачанні і перадаў іх Расіі.

Хто такі Прыгожын?

Яўген Прыгожын з'яўляецца алігархам, а таксама быў даверанай асобай Уладзіміра Пуціна.

У 1980-я ён адседзеў 7 год за “крадзеж”, “разбой”, “махлярства” і “уцягванне непаўналетняга ў злачынную дзейнасць”. А ў 1990-я распачаў свой рэстаранны бізнес. У “нулявыя” і “дзясятыя” кіраваў прадпрыемствамі грамадскага харчавання, будаўнічымі кампаніямі, сродкамі масавай інфармацыі.

Кіруючы сеткай рэстаранаў у Пецярбургу і Маскве, ён неаднойчы арганізоўваў харчаванне ў Доме ўрада РФ. Адсюль і мянушка “повар Пуціна”.

Бос-крымінальнік, забойства кувалдай: партрэт найміта, які будзе жыць у Беларусі
Пуцін і Прыгожын / РИА Новости

Да 2022 года бізнесмен Яўген Прыгожын адмаўляў сувязь з ПВК “Вагнер”. Ён нават падаў пазоў на галоўнага рэдактара "Рэха Масквы" Аляксея Венядзіктава за тое, што той назваў яго "гаспадаром" арганізацыі ў эфіры радыёстанцыі.

У жніўні 2022 года Прыгожын выйграў разбіральніцтва, а ўжо ў верасні прызнаў, што насамрэч кіруе ПВК. Ранейшую пазіцыю прадпрымальнік патлумачыў тым, што не хацеў ставіць пад удар іншых удзельнікаў арганізацыі.

Пасля прызнання Прыгожын стаў адным з галоўных спікераў СВА Расіі на Украіне. Пакуль Мінабароны абмяжоўваецца сухімі афіцыйнымі зводкамі, заснавальнік "Вагнера" робіць гучныя заявы.

Скраў, выпіў — на вайну

Летась Яўген Прыгожын пачаў асабіста аб'язджаць расійскія калоніі, каб вербаваць зняволеных на вайну.

У канцы 2022 года ЗША ацанілі колькасць ПВК ва Украіне ў 50 000 чалавек, а штомесячныя выдаткі — у $ 100 млн. Кіраўніцтва ПВК лічбы не агучвала.

У канцы сакавіка 2023 года Прыгожын расказваў, што больш за 5000 арыштантаў пасля заканчэння кантракта з кампаніяй былі памілаваны і атрымалі свабоду. Па словах Прыгожына, у калоніі пасля ўдзелу ў баях вяртаюцца менш за 0,5% байцоў.

На СВА ПВК "Вагнер" дзейнічае адасоблена ад іншых расійскіх структур. Па словах Прыгожына, яго група аднаасобна ўзяла Салядар. Таксама вагнераўцы сталі галоўнай асноўнай сілай, якая штурмавала Бахмут.

Дзяржаўныя расійскія  агенцтвы летась сталі адкрыта расказваць аб байцах ПВК, якія ваююць у Данецкай і Луганскай абласцях. Хоць па артыкуле 208 КК РФ "Арганізацыя незаконнага ўзброенага фарміравання або ўдзел у ім" да гэтага часу можна атрымаць да 20 гадоў пазбаўлення волі. А па артыкуле 359 "Наёмніцтва" — да 18 гадоў.

Зрэшты, калі канфлікт адбываецца на тэрыторыі іншай дзяржавы, у Расіі тэрмін па 208-м артыкуле пагражае толькі байцам, якія ваявалі "ў мэтах, якія супярэчаць інтарэсам РФ". А па артыкуле 359 можна прыцягнуць толькі замежнікаў, якія не з'яўляюцца грамадзянамі дзяржавы, якая з'яўляецца бокам канфлікту. З пачатку вайны ва Ўкраіне расіяне з ПВК "Вагнер", якія там ваююць, юрыдычна наймітамі ўжо не лічацца — у адрозненне ад завербаваных у ПВК замежнікаў.

Забойства кувалдай

13 лістапада 2022 года тэлеграм-канал, афіляваны з ПВК “Вагнер”, апублікаваў відэа з расправай над зняволеным Яўгенам Нужыным. У роліку мужчына расказвае, што яго выкралі з Кіева і “будуць судзіць”. Затым яму разбіваюць галаву кувалдай. 

Бос-крымінальнік, забойства кувалдай: партрэт найміта, які будзе жыць у Беларусі
Яўген Нужын / "Дождь"

Нужын быў завербаваны ў ПВК “Вагнер” у адной з расійскіх турмаў, дзе адбываў пакаранне за забойства, і адпраўлены ва Украіну. У пачатку верасня ён здаўся ў палон. Яўген Прыгожын назваў відэазапіс забойства “выдатнай рэжысёрскай працай”, дадаўшы, што забойства было “справядлівым”.

Па словах зняволенага, які прысутнічаў на вярбоўцы, Прыгожын заклікаў да жорсткага абыходжання з украінскімі ваеннапалоннымі. 

Канфлікт Прыгожына з Мінабароны

Упершыню аб канфлікце паміж Прыгожыным і Мінабароны загаварылі ў студзені ў кантэксце баёў за Салядар. Бізнесмен неаднаразова ўказваў на тое, што Салядар бралі выключна яго падраздзяленні. Мінабароны ж у сваіх зводках не згадвала ПВК. Там казалі, што наступ здзяйсняўся “разнастайнай групоўкай расійскіх войскаў (сіл) па адзінай задуме і плане”.

З пачатку 2023 года Яўген Прыгожын рэгулярна выкладае відэа з заявамі аб “снарадным голадзе”. У гэтых роліках і ў каментарах, якія ён перадае праз сваю прэс-службу, ён крытыкуе ваеннае кіраўніцтва РФ за дрэннае забеспячэнне яго байцоў.

У Мінабароны адмаўлялі інфармацыю аб блакіраванні паставак боепрыпасаў добраахвотнікам. "Усе заявы, зробленыя нібыта ад імя штурмавых падраздзяленняў аб недахопе боепрыпасаў, абсалютна не адпавядаюць рэчаіснасці", — парыравалі ў ведамстве.

Пасля гэтага Прыгожын заявіў аб гатоўнасці прадставіць усе дакументы, якія даказваюць зрыў паставак.

5 траўня Прыгожын прыгразіў вывесці часткі “Вагнера” з Бахмута 10 траўня. Прычынай ён называў дэфіцыт снарадаў, з прычыны чаго ў падраздзяленнях ПВК, паводле яго слоў, вялікія страты. Таму ён захацеў перадаць пазіцыі падраздзяленням Узброеных сіл РФ.

Ужо 7 траўня Прыгожын заявіў, што вагнераўцам паабяцалі даць патрабаваныя снарады і ўзбраенне. Ён таксама дадаў, што цяпер за ўзаемадзеянне паміж ПВК і Мінабароны будзе адказваць генерал арміі Сяргей Суравікін.

У выніку байцы ПВК усё ж узялі Бахмут 20 траўня. Толькі пасля гэтага яны перадалі пазіцыі прадстаўнікам Мінабароны і адышлі ў трэніровачныя лагеры на перагрупоўку.

23 чэрвеня Прыгожын заявіў, што падраздзяленні Мінабароны нібыта абстралялі ракетамі лагер ПВК, нібыта забіўшы некалькі байцоў. Абароннае ведамства адразу ж стала адмаўляць гэтую інфармацыю. З апублікаванага прэс-службай Прыгожына відэа з лагера незразумела, былі ракетныя ўдары ці не.

На наступную раніцу Прыгожын паведаміў, што 25 000 вагнераўцаў ідуць разбірацца, чаму ў краіне “чыніцца бясчынства”. Без бою яны занялі штаб Паўднёвай ваеннай акругі ў Растове-на-Доне і некалькі адміністрацыйных будынкаў у цэнтры горада. Затым група падзялілася: адны засталіся блакіраваць цэнтр Растова, астатнія калонай рушылі ў бок Масквы.

Бос-крымінальнік, забойства кувалдай: партрэт найміта, які будзе жыць у Беларусі
Танк, які захрас у браме цырку / Царьград

Сітуацыя абвастрылася настолькі, што Уладзімір Пуцін выступіў з экстранным тэлевізійным зваротам. Прэзідэнт назваў дзеянні ПВК "Вагнер" ударам у спіну краіне і народу. Пуцін заклікаў байцоў адумацца і паведаміў, што ўзброеныя сілы атрымалі загад нейтралізаваць тых, хто арганізаваў мяцеж.

Супраць заснавальніка Яўгена Прыгожына распачалі крымінальную справу за заклік да мяцяжу. Па гэтым артыкуле прадпрымальнік мог атрымаць да 20 гадоў турмы.

Цягам усяго дня 24 чэрвеня калоны ПВК прабіраліся да Масквы. Падвечар калоны з бронетэхнікай і ўзброенымі людзьмі былі ўжо ў Падмаскоўі. Увесь гэты час з Прыгожыным вяліся перамовы з удзелам Аляксандра Лукашэнкі.


Мяцеж завяршыўся тым, што, не даехаўшы 200 км да Масквы, байцы ПВК развярнуліся і накіраваліся ў свае трэніровачныя лагеры. Бакі дамовіліся, што Прыгожына ў Расіі не будуць пераследаваць крымінальна, а іншым удзельнікам мяцяжу дадуць гарантыі бяспекі. Пры гэтым сам Яўген Прыгожын "сыдзе ў Беларусь".

***

Цяпер, паводле розных крыніц, лагер для наймітаў будуецца ў Магілёўскай вобласці. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі