АМАП затрымаў звыш 50 міжнародных назіральнікаў
А 13 гадзіне 25 сакавіка у офісе праваабарончага цэнтра “Вясна” супрацоўнікі АМАП затрымалі ўсіх міжнародных назіральнікаў, якія мусілі назіраць за акцыяй з нагоды Дня Волі ў Мінску. Па словах праваабаронцы Валянціна Стэфановіча, усе назіральнікі мелі акрэдытацыю Беларускага Хельсінскага камітэта.
Стэфановіч: “Гэта назіральнікі з нашага супольнага назірання за сённяшнім масавым мерапрыемствам ― Беларускага Хельсінскага камітэта і “Вясны”. Усе назіральнікі маюць афіцыйныя пасведчанні Беларускага Хельсінскага камітэта, зарэгістраванай арганізацыі. І мы так назіраем ужо шмат гадоў. Назіральнікі ў акцыі ўдзелу не бяруць, у іх ёсць адмысловыя бэджы, і яны візуальна абазначаныя. Але сёння мы бачым такую вось нервовую рэакцыю ўладаў. Яны ўварваліся ў офіс, паклалі ўсіх на падлогу тварам уніз. Цяпер усіх выводзяць і садзяць у аўтобус”.
У групе міжнародных назіральнікаў грамадзяне Беларусі, Расіі, Францыі, шэрагу іншых краін. Па словах праваабаронцы, такім чынам праваахоўнікі цалкам сарвалі незалежнае назіранне за верагодным масавым мерапрыемствам. Паводле ўдакладнення праваабаронцы Сяргея Сыса, агулам у офісе “Вясны” затрымалі 57 чалавек ― назіральнікаў і журналістаў.