Амбасадар АБСЕ Сайдзік пракаментаваў перамовы Кантактнай групы наконт Данбасу

Амбасадар АБСЕ Сайдзік пракаментаваў перамовы Кантактнай групы наконт Данбасу

У Мінску 22 верасня прайшлі чарговыя перамовы Кантактнай групы і яе падгруп па сітуацыі на ўсходзе Украіны. Спецпрадстаўнік АБСЕ ў трохбаковай кантактнай групе Марцін Сайдзік выказаў расчараванне тым, што ў працы палітычнай падгрупы адсутнічае прагрэс, перадае БелаПАН.

На гэтым пасяджэнні абмяркоўвалася дата мясцовых выбараў на тэрыторыі Данбасу. І некаторыя прадстаўнікі сепаратыстаў прапаноўвалі правесці іх 21 лютага 2016 года. Тым не менш на большасці тэрыторый асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласцей выбары адбудуцца 18 кастрычніка і 1 лістапада. "Было выказана меркаванне, што гэта супярэчыць мінскім дамоўленасцям. У сувязі з такімі вынікамі хацеў бы выказаць глыбокае расчараванне", — зазначыў Сайдзік.

Дарэчы, дату 21 лютага амбасадар па асаблівых даручэннях МЗС Украіны Дзмітрый Кулеба назваў "цынічным тролінгам". Ён нагадаў, што менавіта ў гэтыя дні 2014 года ішло жорсткае процістаянне на Майдане і пачалася фактычная анэксія Крыма.

Гаворачы аб працы падгрупы па эканамічных пытаннях, амбасадар Сайдзік паведаміў пра значны прагрэс у аднаўленні чыгуначных ліній. Каментуючы працу падгрупы па гуманітарных пытаннях, ён адзначыў, што міжнародныя гуманітарныя арганізацыі ўжо сфармавалі тысячы тон гуманітарных грузаў для Данбаса. Але даставіць іх немагчыма ў сувязі з тым, што данбаскія ўлады не даюць дазволу. Сайдзік таксама выказаўся за адкрыццё дадатковых прапускных пунктаў з боку Украіны на лініі судакранання. Паводле яго слоў, Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа ў аўторак нарэшце змог пачаць дастаўку гуманітарных грузаў па абодва бакі лініі судакранання.

Прэс-сакратар прадстаўніка Украіны Леаніда Кучмы Дар'я Аліфер паведаміла ў сацсетках, што перамовы падгрупы па палітычных пытаннях працягнуцца 23 верасня. А 25 верасня кантактная група з удзелам прадстаўнікоў так званых "ДНР" і "ЛНР" працягне працу ў рэжыме відэаканферэнцыі.

Фота: Twitter МЗС Беларусі

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі