Амерыканскага "ваенкара" Расэла Бэнтлі ў Данецку забілі рускія вайскоўцы — СКР
Расэл Бэнтлі
Следчы камітэт Расіі адрапартаваў аб завяршэнні папярэдняга расследавання па факце гібелі ў Данецку амерыканскага "ваенкара" Расэла Бэнтлі.
У расійскім СК прыйшлі да высновы, што грамадзяніна ЗША забілі чацвёра расійскіх вайскоўцаў, ім выставілі абвінавачванне. Усё адбылося 8 красавіка 2024 года ў Данецку. Следчыя высветлілі, што амерыканец памёр у выніку катаванняў, абвінавачаныя ўжылі да яго "фізічны гвалт і катаванні, якія прывялі да яго смерці". Пасля гэтага двое вайскоўцаў паклалі цела Бэнтлі ў аўтамабіль ВАЗ 211 і падарвалі машыну трацілавай шашкай. На наступны дзень яшчэ адзін вайсковец перанёс астанкі Бэнтлі ў іншае месца.
Паводле паведамлення СКР, па справе праходзяць вайскоўцы Віталь Васняцкі, Уладзіслаў Агальцаў, Уладзімір Бажын і Андрэй Іарданаў. Ім прад'явілі абвінавачванне ў перавышэнні паўнамоцтваў, якое пацягнула смерць, у зневажанні цела і ўкрывальніцтве злачынства.
Паведамленні аб знікненні Расэла Бэнтлі і верагодным яго выкраданні з'явіліся ў СМІ 10 красавіка. 12 красавіка жонка ваенкара — Людміла Бэнтлі — расказала, што 8 красавіка яе муж з'ехаў здымаць наступствы ўдару УСУ па Пятроўскім раёне Данецка і знік. 15 красавіка Людміла Бэнтлі паведаміла, што яе муж быў "жорстка затрыманы" і "незаконна ўтрымліваецца вайскоўцамі, танкістамі з 5-й брыгады".
Рэсурс ASTRA правёў уласнае расследаванне. Ён сцвярджае, што Расэла Бэнтлі катавалі вайскоўцы з 5-й брыгады на тэрыторыі закінутай Пятроўскай шахты ў Данецку. Са слоў суразмоўцаў рэдакцыі, камандзіры 5-й брыгады зладзілі на тэрыторыі гэтай шахты сапраўдны "канцлагер".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.