Амерыканскі дыпламат наведаў Віталя Шклярава ў "Валадарцы"
Паліттэхнолага Віталя Шклярава ў мінскім СІЗА №1 ("Валадарка") у сераду наведаў павераны ў справах у ЗША ў Беларусі Джэфры Джук. Пра гэта расійскай "Новой газете" расказаў адвакат Шклярава Антон Гашынскі.
Падрабязнасці сустрэчы адвакат расказваць не стаў. Аднак ён выказаў надзею, што візіт дыпламата дапаможа вызваленню Шклярава. Акрамя таго Гашынскі чакае, што Джук дапаможа, каб Шклярава шпіталізавалі.
Пра затрыманне Шклярава стала вядома 29 ліпеня. Яго вінавацяць паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэкса (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Афіцыйныя СМІ заяўлялі, быццам Шкляраў працаваў на штаб Сяргея Ціханоўскага. Гэта адмаўляе як сам Шкляраў, так і Ціханоўскі, які знаходзіцца за кратамі з 29 траўня.
Адміністрацыя "Валадаркі" раней адмовілася даць лячэнне паліттэхнолагу, у якога назіраюцца болі ў сэрцы пасля перанесенага каранавірусу. Паведамляецца, што яму не даюць лекі і не адпраўляюць на абследаванне. Пераводзіць Шклярава ў лякарню кіраўніцтва ізалятара не плануе.
44-гадовы Віталь Шкляраў — ураджэнец Беларусі. Ён мае амерыканскі пашпарт. Праваабаронцы Беларусі прызналі яго палітвязнем.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.