Амерыканскія партнёры адмовіліся ад супрацы з Synesis, якая трапіла пад санкцыі

Амерыканскія партнёры адмовіліся ад супрацы з Synesis, якая трапіла пад санкцыі

Амерыканская кампанія GSD Venture Studios адмовілася ад супрацы з беларускай IT-фірмай Synesis, якая трапіла пад санкцыі Еўрасаюза. 

Год таму Synesis абвясціла, што плануе прасоўваць на амерыканскім рынку сваю тэхналогію распазнавання твараў Kipod Smart City. Да гэтай сістэмы падключаныя вулічныя камеры ў Беларусі. 

Аднак тыдзень таму беларуская кампанія трапіла ў санкцыйны спіс Еўрасаюза. 

У каментары dev.by Гэры Фаўлер, сузаснавальнік, CEO і прэзідэнт GSD Venture Studios сказаў: "У 2019 годзе GSD Venture Studios (GSDVS) стала партнёрам Synesis, таму што мы лічылі іх найлепшымі ў свеце AI-інжынерамі з цвёрдымі этычнымі прынцыпамі. Нядаўна ЕС увёў санкцыі. GSD Venture Studios — рашучы прыхільнік грамадзянскіх і палітычных правоў. GSD Venture Studios больш не супрацоўнічае з Synesis. Мы не будзем даваць іншых каментароў у чаканні адказу Synesis Еўрасаюзу".

Паводле інфармацыі dev.by, кантракт паміж GSD Venture Studios і Synesis спыніў дзеянне некалькі тыдняў таму.

Паводле некаторых звестак, менавіта тэхналогія, распрацаваная Synesis, дапамагае беларускім сілавікам выяўляць удзельнікаў вулічных акцыяў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі