Амерыканскія візы пачнуць выдаваць у Мінску з пачатку 2018 года

Амерыканскія візы пачнуць выдаваць у Мінску з пачатку 2018 года

Амерыканскія візы для ўсіх беларусаў пачнуць выдаваць у Мінску ў амбасадзе ЗША з пачатку 2018 года. Пакуль іх маглі атрымаць толькі тыя, каму больш за 70 гадоў (ад сённяшняга дня ўзроставы цэнз зніжаны да 50 гадоў). Пра гэта на прэс-канферэнцыі паведаміў часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Роберт Райлі. Паводле яго слоў, на сённяшні дзень “вырашаюцца тэхнічныя пытанні”.

Спадар Райлі адзначыў, што гэты працэс быў паскораны пасля таго, як летам 2017-га з-за абмежавання супрацоўнікаў дыпламатычнай місіі ЗША ў Расіі была прыпынена працэдура выдачы неіміграцыйных віз. Амбасада ЗША ў Маскве і консульства ў Санкт-Пецярбурзе перастала прымаць заявы на атрыманне віз ад беларусаў. Пасля гэтага амбасада ЗША ў Беларусі звярнулася ў МЗС нашай краіны з просьбай паспрыяць у вырашэнні пытання. І МЗС, і Адміністрацыя прэзідэнта Беларусі пайшлі на сустрач.

Дарэчы, у 2016 годзе па ўсім свеце візы ЗША атрымалі 18 тысяч беларусаў.

Амбасада ЗША была афіцыйна адкрыта ў Мінску 31 студзеня 1992 года. Першы амбасадар ЗША ў Беларусі Дэвід Суорц прыступіў да выканання сваіх абавязкаў 25 жніўня 1992-га. Дыпламатычны канфлікт паміж Беларуссю і ЗША узнік у пачатку сакавіка 2008 года. Пасля таго, як Міністэрства фінансаў ЗША размясціла на сваім сайце тлумачэнні аб увядзенні дадатковых абмежаванняў супраць беларускага дзяржаўнага канцэрна “Белнафтахім”, у Мінск для кансультацый быў тэрмінова адкліканы беларускі амбасадар Міхаіл Хвастоў. А кіраўніку амерыканскага дыпламатычнага прадстаўніцтва ў Беларусі Карэн Сцюарт было настойліва рэкамендавана пакінуць краіну.

12 сакавіка 2008 года, пасля пагрозы высылкі, пасол ЗША Карэн Сцюарт была адкліканая з Беларусі. Наша краіна ў аднабаковым парадку скараціла штат супрацоўнікаў беларускай місіі ў ЗША да 5 чалавек і запатрабавала таго ж ад амерыканскіх уладаў у дачыненні да супрацоўнікаў амбасады ЗША ў Беларусі. Пасля таго, як улады Злучаных Штатаў адмовіліся гэта рабіць, некалькі супрацоўнікаў амбасады ЗША былі выдаленыя з Беларусі і колькасць супрацоўнікаў амерыканскай амбасады была прымусова даведзеная да 5 чалавек.

Адначасова была прыпыненая выдача віз беларусам. Амбасадай ЗША ў Беларусі і зараз кіруе не надзвычайны і паўнамоцны пасол, а часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі. На гэтую пасаду ў 2016 годзе быў прызначаны Роберт Райлі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі