Андрэй Дзмітрыеў: Як выйшаў, так магу і назад зайсці!



Андрэй Дзмітрыеў: Тое, што я так сёння выйшаў, для мяне нечаканасць. Бо ад пачатку было зразумела, што будзе крымінальная справа. Таму я разлічваў, што буду сядзець як мінімум 4 месяцы, пакуль будзе цягнуцца расследаванне. І нейкі тэрмін пасля...

— Як да вас ставіліся ў ізалятары КДБ?

Андрэй Дзмітрыеў: Такое роўнае, ніякае стаўленне. Там адмыслова ўсё рабілася, каб пратрымаць нас у інфармацыйным вакууме. З намі не размаўлялі. Натуральна, ні тэлевізара не было, ні газет, ні нават паперы. І лісты да мяне не даходзілі.

З іншымі затрыманымі я не бачыўся. Сістэма такая, што не можаш пабачыць нікога іншага. Я быў у адной камеры з людзьмі, якія да палітыкі не маюць ніякага дачынення і былі ў гэтым ізалятары ўжо даўно.

— Колькі ў вашай камеры было чалавек?

Андрэй Дзмітрыеў:
 Пяць-шэсць чалавек — нехта сыходзіў, нехта прыходзіў. Звычайная камера памерам, мабыць, 3 на 4. Нары, мартацы, падушкі.

— Ці даходзілі да вас перадачы?

Андрэй Дзмітрыеў: Перадачы пачалі даходзіць праз некалькі дзён. Але я не магу сказаць, ці ўсё даходзіла, што перадавалі. Кармілі нармальна, але стан мой быў такі, што за гэтыя дні я амаль нічога не еў — не хацелася есці.

— Як гэтымі днямі змяняўся ваш маральны стан?

Андрэй Дзмітрыеў: Мяне затрымалі 20 снежня паміж 4 і 5 гадзінамі раніцы. Безумоўна, я разумеў, што, хутчэй за ўсё, затрымаюць. Але вырашыў, што бегчы і хавацца не буду. Бо разумеў, што калі з’еду з краіны — больш сюды не вярнуся, а гэта ў мае планы не ўваходзіла.

Першыя некалькі дзён было ўвогуле незразумела, што адбываецца, каго арыштавалі, а каго — не. Было супярэчлівае адчуванне, што звонку ўсё спынілася. Бо калі затрымалі ўсіх, дык і зрабіць больш ніхто нічога не зможа... Але недзе на чацвёртыя суткі прыйшоў супакой. Па-першае, паведамілі, што я падазраюся ў арганізацыі масавых беспарадкаў. Я ўбачыў знаёмыя мне прозвішчы, зразумеў, што ўсе мы тут. І нават калі я сядзеў не разам з імі — разумеў, што яны побач. Чуў з калідора галасы Мікалая Статкевіча, Андрэя Саннікава, Ірыны Халіп, якіх вялі з допыту ці на допыт — і зрабілася неяк прасцей.

— Якая ваша ацэнка падзеяў 19 снежня?


Андрэй Дзмітрыеў:
 Для мяне безумоўны той факт, што частка людзей са спісу затрыманых (а некаторых прозвішчаў там я нават не ведаю!) не маюць дачынення да арганізацыі нейкіх пагромаў. 

Таксама я зараз прыгадваю, што і эксперты, і людзі папракалі нас тады ў тым, што ў нас няма плана плошчы. Усім нам казалі: куды вы ідзяце? У вас нават плану няма! А зараз высветлілася, што план плошчы быў. Але ведала яго толькі ўлада. І тое, што адбывалася на плошчы паміж кандыдатамі...

— З вашых слоў можна зразумець, што частка людзей, якія знаходзяцца цяпер у ізалятары КДБ, такі маюць дачыненне да арганізацыі беспарадкаў...


Андрэй Дзмітрыеў: Я не магу казаць, хто вінаваты, а хто не. Я проста кажу, што частку людзей я нават не ведаю! Затое тыя, каго я ведаю: Фядута, Вазняк, Някляеў — тыя, з кім я разам працаваў — дакладна не маюць да гэтага дачынення. І тое самае я магу сказаць пра некаторых іншых людзей, якія стаялі побач са мной і нават не былі там, дзе адбываўся штурм.

Пакуль што я думаю, што ўсё ж такі гэта была правакацыя. Бо ў кожнага дзеяння мусіць быць выгода. Ты нешта робіш, бо на нешта разлічваеш. А апазіцыя атрымала сваю выгоду пасля шэсця па праспекце Незалежнасці. Яна паказала, што людзей, якія пратэстуюць, — шмат. А наступны крок мусіў быць такі, што акцыя мірная. Гэта не давала б уладам магчымасцяў неяк рэагаваць. І тады працяг быў бы іншы! А ад таго, што далей адбылося на плошчы, апазіцыя нічога не магла выйграць.

— Што думаеце наконт таго, як далей будуць развівацца падзеі?


Андрэй Дзмітрыеў: 
Я добра разумею, што як я выйшаў, так магу і назад зайсці. Гарантыяў няма ніякіх. Таму я атрымліваю асалоду ад таго, што маю сёння... Мне хацелася б, каб улада зрабіла некалькі крокаў наперад, паціху адпускаючы людзей. Нават пад падпіску аб нявыездзе. Нікуды яны не з’едуць! Няхай сабе ідзе расследаванне, але не трэба трымаць людзей за кратамі. Яны будуць тут, у Беларусі, дасяжныя.

Бо незразумелы нават сэнс утрымання. Гэта эскалацыя канфлікту? Людзей ператрасаюць, трымаюць за кратамі... Еўрасаюз і ЗША ізноў рэагуюць... А трэба выпускаць пару. Спыняць гэтую сітуацыю і пераводзіць яе на больш спакойныя рэйкі.

— Як вы можаце пракаментаваць тэлезварот, які 20 снежня ад вашага імя распаўсюдзіла беларускае тэлебачанне.


Андрэй Дзмітрыеў:
 Пакуль што ніяк. Магчыма, праз пару дзён.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі