Андрэй Стрыжак арыштаваны і абвясціў галадоўку
Прафсаюзнага актывіста з Гомеля Андрэя Стрыжака арыштавалі на 10 сутак, паведамляе сайт praca-by.info.
Прычым каб "сесці на суткі", яму давялося самому ехаць у суд і патрабаваць азнаёміць яго з матэрыяламі ўласнай справы. Там Стрыжак даведаўся, што пастанова пра яго арышт з 17 сакавіка знаходзіцца ў РАУС.
Суд завочна арыштаваў актывіста 17 сакавіка за "несанкцыянаваны мітынг". Так быў ацэнены стыхійны сход на ганку суда Цэнтральнага раёна Гомеля 21 лютага. Тады там адбываўся суд так званага "дармаеда" Сямёнава супраць падатковай, і зала суда не змясціла ўсіх ахвочых трапіць на працэс.
Як распавядала Еўрарадыё, пасля вяртання ў Беларусь 15 красавіка Стрыжак сам звярнуўся да міліцыянтаў, каб адбыць арышт. Але тады дакументаў на арышт не знайшлі.
Толькі 17 красавіка выявілася, што адпаведная пастанова знаходзіцца ў Цэнтральным РАУС. Пасля гэтага Стрыжак адправіўся адбываць прызначаны судом арышт.
Актывіст кажа, што адбудзе арышт, каб гэтае пакаранне не вісела над ім дамоклавым мячом. Але працягвае лічыць гэта парушэннем сваіх правоў і будзе абскарджваць у міжнародных органах. На знак пратэсту Стрыжак абвясціў галадоўку.