Аляксандру Грунову адмянілі расстрэл, бо суд не залічыў яўку з павіннай?

На абвяшчэнні вынікаў разгляду касацыйнай скаргі па справе Аляксандра Грунова прысутнічалі адвакаты, праваабаронцы, пракурор, маці Вольга, а таксама родныя забітай ім дзяўчыны. Юрыст цэнтра “Вясна” Андрэй Палуда кажа, што разгляд скаргі праходзіў не зусім звычайна.

“Было бачна, што суд унікае ў саму справу. Выслухвае бакі, як бы там ні было. Самому Грунову далі магчымасць выказаць сваю пазіцыю. Было заўважна, што суд спрабаваў знайсці адказы на тыя пытанні, якія ўзніклі”.

У дадатак, касацыю разглядалі некалькі дзён — з 18 кастрычніка. Праваабаронцы гавораць, што у “смяротных” справах такое бывае нячаста. Звычайна скаргі разглядаюцца нашмат хутчэй і прасцей.

Адвакат Грунова Сяргей Красноў настойвае, што гомельскі суд не ўлічыў вельмі сур’ёзны момант, які можа значна аблегчыць прысуд, яўку з павіннай. Хоць Грунова затрымалі і прывезлі ў пастарунак міліцыянты, прызнанне ён напісаў яшчэ да таго, як афіцыйна стаў падазраваным. І яўку з павіннай яму афармлялі самі міліцыянеры.

“Спачатку падчас следства, а потым абласным судом у якасці аблягчаючых віну абставінаў не была прызнаная яўка з павіннай Грунова. На гэта адвакат таксама звяртаў увагу. Калі ж гаварыць пра рашэнне гомельскага абласнога суда, то ён пры вынясенні рашэння больш увагі звяртаў на абцяжарваючыя абставіны”.

Сярод памылак, на думку адвакатаў Грунова, таксама выклікае пытанні псіхолага-псіхіятрычная экспертыза, згодна з якой, падчас здзяйснення злачынства і суда Аляксандр Груноў знаходзіўся ў “стане свядомасці”. Нягледзячы на гэта, дакумент гаворыць пра тое, што Груноў стаяў на ўліку ў псіханеўралагічным і наркалагічным дыспансеры. Але быў зняты з яго, бо трапіў за краты за прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў айчыму. Пазней ён ад іх памёр, а Грунова асудзілі на восем гадоў турмы.

Згодна з беларускім законам, расстраляць чалавека могуць за забойства двух і больш чалавек. Таму праваабаронцы мяркуюць, што і тут ёсць парушэнне, Груноў за першае сваё злачынства пакаранне адбыў.

“Такі прыгавор выносіцца ў дачыненні таго, хто здзейсніў забойства больш чым двух асобаў. У Грунова іншая сітуацыя. Раней ён быў асуджаны за прычыненне цялесных пашкоджанняў, якія сталі прычынай смерці”, — кажа Палуда.

Цікава, што Груноў не адседзеў цалкам васьмі гадоў за забойства айчыма. Яго вызвалілі раней — у калоніі Аляксандр Груноў зарэкамендаваў сябе з лепшага боку, парушэнняў не меў.

Якім будзе далейшы лёс гэтага чалавека, сказаць не бярэцца ніхто. Родныя забітай ім дзяўчыны (а Груноў нанёс студэнтцы ажно 102 нажавыя раненні) патрабуюць смяротнага пакарання, адвакаты спадзяюцца на пажыццёвае зняволенне, альбо 25 гадоў турмы. Пакуль не вядомая нават дата пачатку новага суда над Груновым, яе прызначаць у Гомельскім абласным судзе пасля азнаямлення з рашэннем Вярхоўнага суда.

Вядома толькі, што Аляксандра Грунова будзе судзіць іншы суддзя, які таксама можа вынесці смяротны прыгавор. А вось яго папярэдніка могуць пакараць, калі высветліцца, што ён прыгаварыў чалавека да смерці не памылкова, а мэтанакіравана.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі