Андрусь Такінданг прысвяціў песню Міраславу Лазоўскаму, які загінуў у Бахмуце

Міраслаў Лазоўскі

Міраслаў Лазоўскі / novychas.online

Андрусь Такінданг прысвяціў песню беларускаму добраахвотніку Міраславу Лазоўскаму, які ў траўні загінуў у Бахмуце. Музыка быў асабіста знаёмы з ім. Песня атрымала назву "Шэры камень". Днямі Такінданг прэзентаваў кліп.

"У Мінску Міраслаў займаўся культурай, распаўсюджваў кнігі. Я часам сустракаў яго на канцэртах, імпрэзах. Засяроджаны, спакойны ён выглядаў, як шэры моцны камень", — кажа пра ваяра музыка.

Навіна пра ягоную смерць прыгаломшыла музыку, і песню ён пісаў са слязьмі на вачах. "Я хацеў бы, каб усе беларусы захавалі жыццё і здароўе, але здараюцца такія сітуацыі, калі нехта адзін ахвяруе сабой, каб зберагчы іншых..." цытуе словы Андруся Такінданга @budzmaorg.

Міраслаў Лазоўскі — адзін з заснавальнікаў спартыўна-патрыятычнай арганізацыі "Белы легіён", якая дзейнічала ў Беларусі з 1996-га да пачатку 2000-х і займалася выхаваннем ды падрыхтоўкай моладзі. Лазоўскі неаднаразова затрымліваўся (у тым ліку і ў 2017-м па "справе патрыётаў"). Ён вядомы і як грамадскі дзеяч, працаваў у выдавецтве "Кнігазбор". Ва Украіну пераехаў пасля падзей 2020-га. Свой удзел у палку Каліноўскага не афішаваў. Каліноўцы згадваюць яго як аўтарытэтнага камандзіра. Лазоўскі загінуў у Бахмуце, прыкрываючы эвакуацыю параненых байцоў батальёна "Волат".

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі пасмяротна ўзнагародзіла Міраслава Лазоўскага ордэнам Жалезнага рыцара. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі