Анджэй Пачобут не хоча пакідаць Беларусь без магчымасці вярнуцца
Анджэй Пачобут
Палітвязень Анджэй Пачобут мае сваё меркаванне наконт выхаду з турмы. Пра гэта ў эфіры TVN24 заявіла кіраўніца Канцылярыі прэзідэнта Польшчы Малгажата Папроцкая.
Яна заявіла, што польскі прэзідэнт Анджэй Дуда вельмі заклапочаны вызваленнем Пачобута і прыкладае ўсе намаганні.
Але палітвязень мае сваё меркаванне па гэтым пытанні, кажа Папроцкая. "Перш за ўсё, ён не хоча пакідаць Беларусь без магчымасці туды вярнуцца. І да гэтага элемента таксама трэба ставіцца вельмі сур'ёзна ў гэтым пытанні", — перадае яе словы Беларуская рэдакцыя Польскага радыё.
Папроцкая запэўніла, што для кантакту з Пачобутам "ёсць адпаведныя каналы". Пры гэтым яна мяркуе, што "справа спадара Пачобута — справа не васьмі месяцаў, а некалькіх гадоў". Праўда, чыноўніца спадзяецца, што неўзабаве ў гэтай справы будзе добры фінал.
Гаворкі пра вызваленне Пачобута актывізаваліся ў Польшчы пасля маштабнага міжнароднага абмену зняволенымі. У аперацыі ўдзельнічалі 24 чалавекі з турмаў сямі краін. Польшча па просьбе ЗША вызваліла агента расійскай вайсковай разведкі ГРУ Паўла Рубцова.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.