Пачобут згадваўся падчас перамоваў адносна абмену вязнямі паміж ЗША і РФ
Анджэй Пачобут
Беларускі палітвязень Анджэй Пачобут згадваўся падчас перамоваў з ЗША адносна абмену вязнямі з Расіяй. Пра гэта паведаміў кіраўнік Бюро нацыянальнай бяспекі Польшчы Яцэк Сявера, паведамляе Polskie Radio. Падрабязнасці невядомыя.
У МЗС Польшчы напярэдадні заявілі, што пытанне вызвалення Пачобута абмяркоўваецца "непасрэдна з Беларуссю". Падчас жа нядаўняга маштабнага абмену зняволенымі Польшча дзейнічала ў адпаведнасці з запытам уладаў ЗША. Як вядома, падчас абмену ў Расію вярнуўся арыштаваны ў Польшчы ў 2022 годзе расійскі разведчык Павел Рубцоў.
Анджэй Пачобут — адзін з лідараў незалежнага Саюза палякаў. Яго затрымалі 25 сакавіка 2021 года. За публікацыю пра падзеі верасня 1939-га журналіста абвінавацілі ў "распальванні варожасці па нацыянальнай прыкмеце" — так улады ацанілі тое, што ён назваў агрэсіяй напад СССР на Польшчу. Таксама ў матэрыялах крымінальнай справы фігуравалі заявы журналіста ў абарону польскай меншасці ў Беларусі, артыкул пра задушэнне беларускіх пратэстаў у 2020-м і тэкст 2006 года пра аднаго з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падполля на Гродзеншчыне. Пачобут быў асуджаны на 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Ён прызнаны вінаватым у "закліках да санкцый" і ў "распальванні сацыяльнай варожасці". КДБ РБ дадаў яго ў “Спіс асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці”. Палітвязню прапаноўвалі напісаць прашэнне аб памілаванні, але ён адмовіўся.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.