АНТ зняло з эфіру вядоўцу "Удачи в придачу", які падтрымаў Symbal.by
Дзмітрый Кахно на возеры Нарач / Фота з фэйсбука шоумена
Вядоўца перадачы "Удача в придачу" на АНТ Дзмітрый Кахно больш не выйдзе ў эфір, бо тэлеканал вырашыў "абнавіць" вядоўцаў шоу. Пра гэта шоумен паведаміў на сваёй старонцы ў фэйсбуку.
"Ці звязана гэта з маім пастом пра затрыманні каля крамы Symbal.by, я не ведаю. Але, як кажа адзін вядомы тэлежурналіст, "у нас на канале вы робіце высновы самі", — напісаў Кахно.
Дзмітрый працаваў вядоўцам тэлешоу "Удача в придачу" з 2016 года. За 5 гадоў у праграме было разыграна прызоў на 20 мільёнаў долараў, у жывым эфіры ён даведаўся пра нараджэнне сына.
Дзмітрый Кахно стаў адным з мноства медыяперсон, што асудзілі затрыманні людзей у Беларусі.
"Мне брыдка і агідна бачыць тое, што адбываецца", — прызнаўся тэлевядоўца.⠀
Перад гэтым стала вядома, што тэлеканал АНТ зняў з эфіраў пасля паста ў instagram гімнастку Меліціну Станюту. Дзяўчына расказала the Village, што пасля гэтага прыняла рашэнне звольніцца з працы.
"Была доўгая размова з дырэктарам, але гэта маё рашэнне... Я прыняла гэтае рашэнне падчас размовы, зразумела, што звальняюся і не хачу далей. Канал меў на ўвазе, што выкідаючы гэты пост, мне павінна было быць відавочна, што мяне звольняць. Але ў нас не было дамоўленасці аб тым, што я павінная ўзгадняць з АНТ свае пасты ў інстаграме. У нас была дамоўленасць, што я буду ўзгадняць кожнае сваё інтэрв'ю. Гэта пачалося ў 2018 годзе. Я мусіла пытацца перад кожным інтэрв'ю, ці магу я пагадзіцца", — заявіла гімнастка.
Звальненнем па ўласным жаданні скончылася гісторыя працы на СТВ Антона Мартыненкі. Прычынай таксама стала рэакцыя кіраўніцтва СМІ на ягоныя выказванні пра палітычныя падзеі ў краіне і падтрымку крамы Symbal.by.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.