“Антымоладзевая” рэформа вывела на вуліцы амаль 400 тысяч французаў

У Францыі зноў неспакойна. На гэты раз з нагоды рэформы пенсійнай сістэмы.

“Чатыры прафсаюзы, у тым ліку буйны CGT, заклікалі сваіх членаў прыняць удзел у забастоўцы, падчас якой адбудуцца дэманстрацыі ў 180 месцах па ўсёй краіне. Паводле ацэнак CGT, на акцыі ў Парыжы 10 верасня сабралася 370 тысяч рабочых, пенсіянераў і моладзі, у той жа час паліцыя гаворыць аб 155 тысячах удзельнікаў”, — перадае агенцтва France24.

Рэформа будзе абмяркоўвацца ў парламенце ў наступным месяцы. Яна мусіць зліквідаваць дэфіцыт пенсійнай сістэмы Францыі, які да 2020 года можа скласці 20 мільярдаў еўра. Згодна з прапановамі ўладаў, каб атрымаць поўную пенсію, трэба будзе рабіць узносы ў фонд на працягу 43 гадоў (цяпер — на працягу 41,5 года). Гэта значыць, што хоць узрост выхаду на пенсію (62 гады) не мяняецца, фактычна французы будуць вымушаны працаваць больш, каб забяспечыць сваю стараць.

Тым часам эксперты разважаюць, наколькі далёка можа зайсці ўрад.

“Мне падаецца, што канчатковае рашэнне, хутчэй за ўсё, будзе ўключаць значнае павелічэнне ўзносаў”, — кажа Дамінік Барбет, эканаміст BNP Paribas. Ён дадае: калі б французы былі ўпэўненыя, што іх грошы сапраўды ідуць на забеспячэнне будучыні пенсійнай сістэмы, яны б пагадзіліся на змены.

Увогуле Франсуа Аланд узяўся за капітальны рамонт пенсійнай сістэмы пасля патрабаванняў Еўракамісіі. Спачатку прэзідэнт казаў, што не будзе жыць пад дыктатам Бруселя, але ў выніку нікуды не падзеўся. Узамен Францыя атрымала два гады на тое, каб прывесці ў парадак дэфіцыт бюджэту (зараз ён вышэйшы за 3%, што супярэчыць еўрапейскаму пакту стабільнасці і росту).

Цікава, што пенсійнае пытанне з’яўляецца традыцыйным і балючым для французскіх лідараў.

“У 2010 годзе Нікаля Сарказі сутыкнуўся з буйнымі пратэстамі, калі  праводзіў змены, якія ацэньваліся як даволі сціплыя”, — нагадвае France24.

Акурат тады і быў павялічаны пенсійны ўзрост з 60 да 62 гадоў, а тэрмін аплаты ўзносаў у пенсійны фонд — да 41,5 года. Яшчэ раней, у 1995-м, Жак Шырак адмовіўся ад пенсійнай рэформы, калі ў выніку забастовак краіна была практычна паралізаваная.

Цяперашнюю ж рэформу крытыкі называюць “антымоладзевай”. Але пры ўсіх складанасцях, як піша The Guardian, французы, хутчэй за ўсё, яе прымуць.

Варта дадаць, што перажыць “пенсійны крызіс” Францыі мусіць дапамагчы і адносна высокая нараджальнасць — каля двух дзяцей на адну жанчыну. Дзякуючы росту колькасці працаздольнага насельніцтва ў 2040 годзе пенсійнае пытанне мусіць стабілізавацца.

Фота: theguardian.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі