Аня Жданава, LILAC.: Нават мая бабуля кажа, што ў нас клёвыя песні

Еўрарадыё паразмаўляла з удзельнікамі гурта Аняй Жданавай і Васем Творскім пра тое, чаму яны не спяваюць па-беларуску, што думаюць пра моду, канкурэнцыю і ролю дзяўчат у беларускім шоў-бізе.

Голас Ані Жданавай параўноўваюць з Норай Джонс і Рэгінай Спектар. Па словах самой Ані, усё пачалося, калі ёй было 14 гадоў. Яна пісала песні ў стол, грала ў ска-камандзе на акардэоне, і пасля, раптоўна, пачаўся рух.

Аня: Пазнаёміліся з Васем (клавішнік – ЕРБ) прыкладна год таму. Ведалі адзін аднаго, але не размаўлялі, і толькі праз нейкі час сустрэліся і вырашылі, што павінны працаваць разам. Яшчэ ў нас ёсць бубнач Вова. Вова круты! Ну і колькі мы разам атрымліваецца граем?
Вася: Нават месяца яшчэ няма. То бок, мы зусім малады калектыў. А яшчэ мы шукаем басіста. Але пакуль з усіх, да каго прыглядаліся, на жаль, ні з кім не сыграліся.
У праекта LILAC было некалькі выступаў па клубах і канцэрт у межах “Аксамітнага сезону 2010”, які стаў добрым досведам для каманды.

Асноўная частка матэрыялу, з якім працуе гурт, была напісана Аняй раней. У распрацоўцы ўжо каля трыццаці кампазіцый, сярод якіх, па словах Васі, ёсць сапраўдныя “баевікі”:
Вася: У Ані напрацавана шмат песень і з гэтых кампазіцый шмат песень-баевікоў, танцавальных і проста ўедлівых. Аня пастаянна піша, і, цьфу-цьфу, у гэтым плане ў яе добрая прадуктыўнасць.
Аня: У мяне атрымліваецца па прынцыпе паравога катла. Ідзе накапленне, і мне трэба вызваліць гэту музычную энергію.
Вася: Аня пастаянна аддае. Мы пасля “Аксамітнага сезону” на адрэналіне ўсе былі, а Аня, я бачыў, што ў яе спусташэнне. Але мне падаецца, у яе ёсць нейкая падтрымка зверху, і яна вельмі хутка напаўняецца.
Гурт ўжо выпусціў дэма-запіс, які ляжыць у інтэрнэце пад назвай “Milk and Sour Cream”. Неўзабаве плануецца таксама выпуск паўнавартаснага сінглу. 
Вася: У нас увогуле ёсць адна крутая песня, мы яе гралі на фэсце. Вось гэтую песню і плануем запісваць.
Гісторыя назвы гурта – прыхільнасць Ані да фіялетавых адценняў.
Аня: Назва мне стрэльнула з космасу! Па-першае, само гучанне слова музычнае, яно нагадвае мне нешта кшталту “ла-ла”. Да таго ж я заўсёды асацыявала музыку з фіялетавымі колерамі, то бок гэта маё колеравае адлюстраванне.
Самае жудаснае, калі займаешся паважнай справай, а цябе раптам перакліньвае

Вакалістка гурта займаецца не толькі музыкай, але фатаграфуе і малюе. Пра натхненне Аня кажа, што яно прыходзіць раптоўна і не залежыць ад настрою.
Аня: Я не магу зацыклівацца на нечым адным, я хутка стамляюся. Як толькі ў мяне заканчваецца натхненне ў музыцы – я пераходжу да малявання, потым да фота, такая ў мяне цыркуляцыя. Я нават не ведаю, ад каго ці чаго ідзе маё натхненне. Вось нядаўна ўрубіла Жана Мішэля Жара і мяне проста знесла, такая пруха пайшла! Звычайна калі мне дрэнна, я магу сядзець дома, глядзець у сцяну, а потым мне страляе ў галаву, і я бах! За пяць хвілін пішу. А бывае, што адна песня збіраецца ў мяне з кускоў месяцамі, я яе кампаную, як мазаіку. То бок яно можа быць ў добрым і дрэнным настроі, але самае жудаснае, калі займаешся паважнай справай, а цябе раптам перакліньвае! І ты разумееш, што вось яно, і трэба з гэтым нешта зрабіць.
Гучанне LILAC – гэта касмічнае гучанне, музыка, дзе шмат паветра і аб’ёма
У той жа час удзельнікі калектыву змагаюцца са штампамі, і вельмі не любяць, калі іх залічваюць да нейкага музычнага стылю.
Вася: Гэта агульны штамп, які нічога не значыць. Цяпер усё індзі, а індзі – гэта нішто! Проста маднявае слова без сэнсу. Таму мы ні да чаго сябе не адносім. Напрыклад, я слухаю калектыў. Ну добра, першая песня – крутая, другая таксама неблагая, але ўсе роўна падобная, на трэцяй я ўжо пазяхаю, а на чацвёртай выходжу з залы. Няма дынамікі, змены тэмпаў, рытму, роляў у гурце. Няма нічога новага, адно і тое ж. Мы хочам рабіць па-іншаму. Нашы планы шырэйшыя, чым зрабіць праект на адзін-два разы і незразумела для каго. У нас ёсць слухач. 
Аня: Гучанне LILAC – гэта касмічнае гучанне, музыка, дзе шмат паветра і аб’ёма, шмат рэверу, таму што мы любім гэтыя рэчы! Карацей, нейкі элемент ізатэрыкі.
Я хачу, каб наш гурт функцыянаваў, як арганізм

Вы казалі пра музычную адукаванасць. А што, на вашу думку, перашкаджае беларусам быць на ўзроўні? І ці ёсць айчынны праект, падобны да вас?
Вася: Наша фішка – гэта голас Ані, такога голасу дакладна больш ні ў каго няма. Пытанне музычнага густу ў нас недапрацаванае. Не ведаю, што перашкаджае, але напэўна не закон пра 75 адсоткаў беларускай музыкі ў эфіры. Мне гэта не перашкаджае, чаму іншым павінна? Мне падаецца, гэта пытанне культурных спасылак. У кожнага яны свае. Нехта слухаў Алёну Апіну , а нехта Kraftwerk. А можа проста ў дзяцінстве бацька не ставіў на вініле правільны музон! Але я бачу, што ідзе нейкі ўсплёск музычны. Сталі з’яўляцца каманды, якія граюць цікавую музыку, на ўзроўні. А ўзровень – гэта заўсёды цікава. 
Аня: Проста не трэба звяртаць увагу на іншых, тады дакладна ні на каго не будзеш падобны. Я лічу, што пытанне ў культурнай абмежаванасці. У людзей няма імкнення пайсці і выдаць грошы на добрую якасную музыку. Дыскі ўжо ніхто не купляе, усе пампуюць з інтэрнэта. Я хачу, каб наш гурт функцыянаваў, як арганізм, і ў кожнага была свая кухня. Вася сочыць за электроншчынай, гэта яго асяроддзе, я адпаведна дапамагаю і кірую сваім голасам, Вова класны бубнач, ён жыве рытмам.
Вы спяваеце па-англійску. Няма планаў запісаць песні на рускай, беларускай ці іншай мове?
Вася: Я не кажу дрэнна пра беларускую мову, але ёсць шмат рускамоўных і беларускамоўных гуртоў, а мы будзем пець па-англійску. Аню ўвогуле не прэ пісаць па-руску. 
Аня: Я б запісала альбом на французскай! У мяне была такая думка. Але я не ўяўляю сабе, што мяне раптам пераклініць, і я буду пісаць па-руску ці па-беларуску. Таму што адаптацыя музыкі таксама павінна быць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі