Апазіцыя спрабуе пашырыць пратэсты ў Кіеве і заяўляе пра правакацыі
Ва ўкраінскай сталіцы працягваюцца масавыя акцыі пратэсту.
Праўда, як паведамляе карэспандэнт Еўрарадыё Алесь Пілецкі, людзей на вуліцах і на плошчы Незалежнасці сёння стала заўважна менш.
У сераду кіраўнік апазіцыйнай парламенцкай фракцыі "Бацькаўшчына" Арсень Яцанюк заявіў, што апазіцыя будзе пікетаваць у Кіеве не толькі будынкі адміністрацыі прэзідэнта, кабінета міністраў і Вярхоўнай Рады, але і будынкі МУС, Савета нацыянальнай бяспекі і абароны, а таксама Шаўчэнкаўскага раённага суда. Туды ўжо накіраваліся калоны людзей з "еўрамайдана".
Кіраўніцтва апазіцыі спадзяецца, што ўдасца арганізаваць агульнанацыянальны страйк. Адначасова заяўляецца, што ўлада не пакідае спробаў арганізаваць правакацыі, каб мець падставы сілай разагнаць удзельнікаў акцый пратэсту.
Удзельнікі Еўрамайдана блакуюць працу Кабміна. ФОТАРЭПАРТАЖ