Апрацаваныя 75% пратаколаў крымскага рэферэндуму
Па іх выніках, 95,7% выбарцаў прагаласавалі за ўз'яднанне з Расіяй.
Пра гэта заявіў кіраўнік камісіі Вярхоўнага Савета Крыма па правядзенні рэферэндуму Міхаіл Малышаў. Ён паведаміў, што за захаванне Крыма ў складзе Украіны прагаласавалі 3,2%, перадае УНІАН. Яшчэ 1,1% галасоў прыпадае на несапраўдныя бюлетэні.
Тым часам, па словах Мустафы Джамілева, 99% крымскіх татараў праігнаравалі рэферэндум, а рэальная яўка не перавысіла 30%.
Паводле ўкраінскага заканадаўства, рэферэндум можа быць толькі ўсеўкраінскім. Украінская ўлада назвала нелегітымным правядзенне рэферэндуму ў Крыме і заявіла, што не прызнае яго вынікі.
Еўрасаюз, ЗША і Турцыя таксама не намераныя прызнаваць вынікі рэферэндуму. У сваю чаргу, Расія заявіла пра яго адпаведнасць міжнароднаму праву.
Фота — Reuters