Аптэкар: “Я назаву кошты пры СССР, але не памятаю кошты мінулага тыдня!"
За прыблізны набор лекаў ад прастуды два гады таму трэба было аддаць столькі ж, колькі зараз каштуе адзін медпрэпарат.
Ці не падаражэюць лекі зноў напярэдадні прастуднага сезону?
Нідзе з наведаных Еўрарадыё аптэк чэргаў няма. Але, нягледзячы на працоўны час, сёй-той забягае закупіцца. Просяць "што-небудзь супрацьвіруснае ды гарачкапаніжальнае".
"Ведаеце, просяць і беларускае, і імпартнае. Але да беларускага ў некаторых менш даверу, у некаторых — да імпартнага. А вось на выхадныя як прыязджаюць расіяне, дык яны, наадварот, просяць беларускае — у іх менш даверу да свайго", — уражваюць мяне ў аптэцы, што на вуліцы Камсамольскай. Але заўважаюць: для многіх лекі аказваюцца непад'ёмнымі.
“Кошты вельмі адрозніваюцца ў залежнасці ад даты паступлення, ад партыі. Ёсць такі сайт — tabletka.by, і многія шукаюць праз інтэрнэт, дзе заляжаліся лекі і будзе танней, і ідуць туды”, — дзеляцца назіраннямі ў аптэцы.
Пытаюся ў фармацэўта пра кошты на медпрэпараты.
“Аксалінавая мазь ёсць украінская. І гэта добра, што ўкраінская, а не нашая”, — кажа фармацэўт адной з сетак прыватных аптэк. Пакуль я хаваю сваё здзіўленне ад такога непатрыятызму, фармацэўт працягвае.
"У нас ніколі не было ў прынцыпе фармацэўтычнай прамысловасці! Калі Савецкі саюз разваліўся, уся фармакалогія засталася ва Украіне — 70% было там", — кажа фармацэўт.
Пытаюся, як змяніліся кошты на антыбіётыкі ды супрацьвірусныя прэпараты.
"Ведаеце, кошты змяняюцца штодзень. Я вам назаву кошты, якія былі пры Савецкім саюзе: аспірын каштаваў шэсць рублёў — але не магу назваць кошты, якія былі на мінулым тыдні!" — выдае медык.
Колькі каштуе самы прыблізны набор супраць прастуды, падлічваем разам з аптэкарам.
Да прыкладу, аксалінавая мазь — 6 350 (у лістападзе 2011 года была 4 370), "Арпетол" 30 таблетак — 77 550 (52 650), кроплі для носа — 26 900 (13 880), бутамінафен — 7 500 (5 500 рублёў). Атрымліваецца, за прыблізны набор лекаў трэба аддаць каля 120 тысяч рублёў, два гады таму — 77 тысяч за ўвесь набор! Гэта як зараз каштуе толькі "Арпетол".
Ці не падаражэюць лекі зноў напярэдадні прастуднага сезону?
Дырэктар фармацэўтычнай кампаніі “Лекфарм” Андрэй Патаповіч заўважае Еўрарадыё, што лекі павышацца ў коштах не будуць.
“Не будуць даражэць. За два гады той жа “Арпетол” на колькі падаражэў — мо на 30%? А вось вы заўважце, як падаражэлі імпартныя лекі!” — гаворыць кіраўнік кампаніі.
А вось на РУП “Белмедпрэпараты” ніякіх каментароў не даюць, калі і як падаражэюць лекі, і толькі мяркуюць, што рост коштаў не за гарамі.
“Канечне, будуць даражэць! Вы глядзіце, як долар прэ, як даражэе электраэнергія. А яшчэ імпартныя лекі нам на пяткі наступаюць. Таму калі родныя гадамі карыстаюцца нейкімі прэпаратамі, няхай трошачкі закупяць”, — кажуць на прадпрыемстве.
Хоць сказаць, калі адбудзецца падаражэнне, не могуць.