Арганізатары "Дакара" пацвердзілі: "МАЗ" не дапушчаны да гонкі з-за санкцый
Арганізатары "Дакара" пацвердзілі, што беларуская каманда "МАЗ-СПОРТаўта" не дапушчаная да гонкі з-за санкцый ЕС. Неафіцыйная інфармацыя пра гэта з'явілася напярэдадні. У панядзелак championat.com атрымаў афіцыйны каментар ад арганізатара — кампаніі A.S.O. Яна спасылаецца на рашэнне французскіх уладаў. Паколькі кампанія зарэгістравана менавіта ў Францыі, яго яна не магла ігнараваць.
"З прычыны мер, прынятых Еўрасаюзам і якія закранаюць розных беларускіх юрыдычных асобаў, уключна з аўтавытворцам МАЗ, французскія ўлады праінфармавалі арганізатараў "Дакара", што для МАЗа юрыдычна немагчыма прыняць удзел у гонцы 2022 года, — гаворыцца ў паведамленні. — Арганізатары "Дакара" былі вымушаныя праінфармаваць МАЗ аб гэтым рашэнні".
На спаборніцтвах беларускую каманду павінны былі прадставіць тры экіпажы. Планавалася, што грузавікі прыбудуць у французскі порт Марсэль, а адтуль на пароме адправяцца ў Саудаўскую Аравію. Але каманду ў Францыю не пусцілі.
Ралі-марафон адбудзецца ў Саудаўскай Аравіі 2-14 студзеня 2022 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.