Архітэктары расказалі, як будзе выглядаць мінскі стадыён “Дынама”

Эскіз рэканструкцыі стадыёна “Дынама” амаль гатовы. У пачатку снежня яго пакладуць на стол Аляксандру Лукашэнку. Калі спадабаецца ― будаўнікі пачнуць працы.

“На стадыёне будзе іншы брыль, застануцца бегавыя дарожкі, ― галоўны архітэктар праекта Аляксандр Елісееў параўноўвае работу сваёй каманды з ранейшым праектам нямецкай кампаніі, ад паслугаў якой адмовіліся. ― Трыбуны альбо застануцца ранейшыя, альбо будуць перабудаваны, аднак паўтораць такі самы контур. У ранейшым “футбольным” праекце павінна была быць сертыфікацыя ФІФА, у гэтым ― IAAF (Міжнародная асацыяцыя лёгкаатлетычных федэрацый. ― заўв. Еўрарадыё)”.

На лёгкаатлетычным “Дынама” будзе змяшчацца каля 30 тысяч чалавек. Стадыён будзе заточаны і пад футбольныя матчы. Канчатковы варыянт дызайну публіцы пакуль не паказваюць. Не зацверджаны ён і Камітэтам архітэктуры. Паводле слоў галоўнага архітэктара, арэна будзе сучаснай, але нейкіх эксклюзіўных фішак і ноу-хау ў праекце не прадугледжана.

Тым часам кіраўніцтва стадыёна “Дынама” канстатуе, што падрыхтоўчыя працы (яны цягнуцца ўжо больш за год) амаль завершаныя.

“Дэмантаж сядзенняў рабіўся і робіцца, на полі скошана трава, яно гатова да рэканструкцыі, ― канстатуе Алег Курчэўскі, дырэктар стадыёна. ― Зроблены і іншыя падрыхтоўчыя працы. Праз узгадненне мы ўжо прайшлі, засталося паказаць дакументы прэзідэнту. Неабходныя паперы мы ўжо падалі ў “Мінскпраект”.

Нацыянальны ж футбольны стадыён плануюць збудаваць у раёне вуліцы Ванеева ў Мінску.

“Гэта будзе не рэканструкцыя стадыёна “Трактар”. Гэта будзе асобны стадыён, які паўстане побач”, ― дзеліцца апошнімі навінамі прэс-сакратар Федэрацыі футбола Аляксандр Алейнік.

Хоць гарантавана разлічваць на такі паварот падзеяў рызыкоўна. Планы наконт будаўніцтва Нацыянальнага стадыёна мяняліся шмат разоў. У 2010-м годзе Мінгарвыканкам абвясціў пра будаўніцтва гэтай арэны ў сталічным мікрараёне Шчомысліца. Праз два гады рэканструяваць пад Нацыянальны стадыён вырашылі сталічнае “Дынама”. У тэндары перамагла венгерская кампанія Groboplan. Але супрацоўніцтва з венграмі спынілі і абвясцілі новы конкурс дызайн-праектаў. Перамагла нямецкая кампанія GMP, якой за першае месца перавялі 40 тысяч долараў. Праект таксама пацягнуў на буйную суму, і ў гэтым годзе Аляксандр Лукашэнка абвясціў новы курс ― збудаваць больш сціплы стадыён, а за ўзор узяць маскоўскі “Лакаматыў”.

“Два тыдні таму была размова, што наш “Трактар” будуць зносіць, а на яго месцы збудуюць новы стадыён. Потым перайгралі і вырашылі будаваць там, ― супрацоўнік мясцовай службы аховы паказвае на невялікі парк побач з галоўным уваходам. ― Не здзіўлюся, калі праз тыдзень гэта зноўку перайграюць”.

Супрацоўнікі стадыёна “Трактар”, дарэчы, дагэтуль не ведаюць, хто іх сённяшні начальнік. Нехта надумаўся звальняцца, але юрыдычна гэтага зрабіць не змог. Звальняцца няма ад каго.

“А наш стацыянарны тэлефон адключаны ўжо месяцы тры. За няплату”, ― развіталіся з Еўрарадыё работнікі “Трактара”.

Раней гучала інфармацыя пра тое, што дзеля будаўніцтва Нацыянальнага стадыёна разглядаюць нейкія “тыпавыя праекты”. Цікавімся, як будзе выглядаць аб’ект, у Валянціна Бараўка, намесніка начальніка ўпраўлення спорту Мінгарвыканкама.

“Аб’яўлены міжнародны конкурс, па-мойму. Хутка павінен скончыцца. Дасылаюць людзі праекты, ― неахвотна каментуе чыноўнік. ― “Дынама” будзе лёгкаатлетычным стадыёнам. На сённяшнім “Трактары” будзе капрамонт. Школу гімнастыкі “Кольцы славы” адрамантуем”.

Па далейшыя каментарыі Валянцін Баравок накіраваў Еўрарадыё ў арганізацыю “Дынама-Арэна”, якая непасрэдна займаецца рэканструкцыямі галоўных стадыёнаў краіны.

Арганізацыя аказалася засакрэчанай яшчэ больш, чым КДБ: няма ні сайта, ні тэлефонаў у даведачных службах. Вядома толькі, што запіс аб дзяржаўнай рэгістрацыі “Дынама-Арэны” зроблены сёлета ў студзені. А касцяк арганізацыі складаюць кампанія “Трайпл”, Мінгарвыканкам і Федэрацыя футбола.

У кампаніі “Трайпл” Еўрарадыё накіравалі на Яўгена Басалая, якога адрэкамендавалі як чалавека, які курыруе праекты галоўных стадыёнаў краіны. Нешта тлумачыць Еўрарадыё гэты чалавек не стаў, перанакіраваўшы на яшчэ адну кампетэнтную начальніцу, пагутарыць з якой не ўдалося.

“Дынама-Арэна ” аказалася арганізацыяй, схаванай пад сецівам таямніц. Хоць пакуль асаблівага плёну ад такой сакрэтнай дзейнасці не відаць.

Такім чынам, беларускі дэтэктыў аб стадыёнах працягваецца, і невядома, якіх сюрпрызаў можна чакаць наперадзе.

На гэтым месцы можа быць збудаваны Нацыянальны футбольны стадыён

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі