Архітэктары ўжо спраектавалі трэцюю лінію мінскага метро (фота)
На Х Нацыянальным фестывалі архітэктуры “Мінск-2013” можна было пабачыць эскізы новых станцыяў сталічнай падземкі.
Тут быў прадстаўлены праект трэцяй галінкі метро “Зялёны луг”. Прынамсі тых станцый, якія запланавана пабудаваць у найбліжэйшы час, інфармуе “Наша Ніва”.
Станцыю “Юбілейная плошча” плануюць аздобіць чырвонымі колерамі. Варта звярнуць увагу і на тое, што на трэцяй лініі ўсе станцыі будуць мець дзверы, праз якія пасажыры трапляюць у вагон. Стварыў праект Вячаслаў Лапато.
“Плошча Багушэвіча”: архітэктары Уладзімір Целяпнёў і Аляксандра Гаркуша стварылі дызайн у светла-карычневых адценнях, сама станцыя будзе адносна невялікай.
Станцыя “Вакзальная” сярод іншага будзе мець гарызантальны эскалатар, якія можна ўбачыць у еўрапейскім метро. Такім чынам станцыя будзе злучана з “Плошчай Леніна”. Спраектавалі станцыю Уладзімір Целяпнёў, Вольга Целяпнёва і Аляксандр Якубец.
“Кавальская Слабада”, калі давяраць рэндарам, будзе створана на сутыку стыляў — апроч сучаснага, у якім выкананыя новыя станцыі кшталту “Пятроўшчыны”, яна будзе мець каваныя жырандолі на столі, а таксама гравюры з выявамі кавалёў. Аўтары праекта — Рыгор Васільеў, Вольга Целяпнёва, Уладзімір Целяпнёў і Ганна Кузьміч.
“Аэрадромная”: Уладзімір Целяпнёў, Таццяна Жарабцова і Дыяна Нікіценка стварылі станцыю згодна з назвай, некаторыя элементы дызайну нагадваюць часткі самалётаў
“Немаршанскі сад”: праект Рыгора Васільева і Алены Майсевіч будзе аформлены сціпла, з вялікай колькасцю светла-зялёнага колеру.
“Слуцкі гасцінец”, спраектаваны Вячаславам Лапато, таксама будзе сціплым па афармленні — дызайн станцыі чымсьці нагадвае “Пятроўшчыну”.
20 верасня горадабудаўнічы савет зацвердзіў праекты станцый. Першыя з іх з’явяцца ў 2017 годзе.