Асудзіць ці прабачыць: як хрысціяне ставяцца да тых, хто ўчыняе рэпрэсіі
Што рабіць з беларускімі катамі, распавяла актывістка БХД Валерыя Чарнаморцава / Еўрарадыё
Прабачаць катам нельга, але і моцна караць таксама. Так лічыць былая палітзняволеная і актывістка БХД Валерыя Чарнаморцава.
У эфіры Еўрарадыё мы запыталі яе, што ў будучыні рабіць з тымі, хто ўчыняе рэпрэсіі ў беларускіх турмах?
“Перагарнуць старонку нельга. З хрысціянскага пункту гледжання грэх павінен быць асуджаны. Менавіта таму, што не было пакаяння за камуністычныя, сталінскія рэпрэсіі, гэта ўсё і вярнулася. І цяпер наўпрост вярнуўся дух сталінскіх рэпрэсій. І ён павінен быць асуджаны”.
На думку Чарнаморцавай, іх трэба судзіць, але па новым законе — з новай судовай сістэмай:
“Тыя, хто здзяйснялі злачынствы павінны быць асуджаныя. Але я лічу, што яны не павінны сядзець у такіх нялюдскіх умовых як мы. Мы павіны быць людзьмі. Пенітэнцыярная сістэма павінна быць рэфармаваная. Калі яны і будуць сядзець, то няхай гэта будзе па ўсіх еўрапейскіх нормах. Мы разумеем, што яны частка сістэмы, хоць ёсць людзі, якія гэта ўчыняюць па перакананнях. Але вось, напрыклад, на Валадарцы ябацькаў няма. Ёсць нейтральныя пафігісты, як многія ў Беларусі, але ёсць тыя, хто спачуваюць”.
Чарнаморцава рэзюмуе: “Нашая задача — не пакараць людзей. Нашая мэта — вызваліць Беларусь і каб не паўтараліся гэтыя злачынствы, якія адбываюцца ў турмах”.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.