Аўтар мульцікаў пра Лукашэнку запусціў інтэрнэт-тэлебачанне

Аўтар мульцікаў пра Лукашэнку Павел Марозаў запусціў у Эстоніі інтэрнэт-тэлебачанне. Да сакавіка інтэрнэт-тыднёвік ARU TV будзе працаваць у тэставым рэжыме. Кожны тыдзень на ютуб-канале і сайце праекта будуць выходзіць праграмы: “Рознакаляровыя навіны” з Арцеміем Троіцкім, анімацыйны “Час хлусіць” — пародыя на расійскія навіны і “Эксперт”, дзе вядомыя персоны будуць даваць каментары на актуальныя падзеі. Таксама на сайце будуць з’яўляцца тэкставыя матэрыялы.

Пра гэта Еўрарадыё распавёў аўтар праекта Павел Марозаў:

“Ідэя такая ў нас з’явілася пасля алімпіяды ў Расіі, калі пачалася вайна ва Украіне. Стала зразумела, што праблема будзе для ўсіх аднолькавая — прапаганда. На мяне падзейнічала статыстыка, бо па дадзеных сацыёлагаў, 70% беларусаў падтрымліваюць ідэю “Крым наш”... У нашых планах пакуль развівацца як невялікі праект, дзе будзе і сатырычны падыход і экспертнае меркаванне”.

Праект будзе існаваць у Эстоніі, але Марозаў выказваецца за супрацоўніцтва з усімі медыя-праектамі ў Беларусі.

Нагадаем, Павел Марозаў — арганізатар “Мультклуба”, які выпусціў серыю мульцікаў пра Аляксандра Лукашэнку. У 2006 годзе пад пагрозай крымінальнага артыкула за паклёп на кіраўніка дзяржавы ён быў вымушаны эміграваць. Ужо ў эміграцыі Марозаў выпусціў новыя мульцікі “Лас-Бульбас” і “Аграгарадок”.

Фота: Fotolia

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі