Аварыя на помпавай станцыі пакінула без вады 12 тысяч жыхароў Рагачова

Аварыя на помпавай станцыі пакінула без вады 12 тысяч жыхароў Рагачова

У Рагачове аварыя на каналізацыйнай помпавай станцыі пакінула без вады больш за 12 тысяч гараджан, перадае БЕЛТА. Гэта складае больш за траціну ад 33-тысячнага насельніцтва горада.

Паведамленне пра аварыю ратавальнікі атрымалі каля 6-й гадзіны раніцы. Як выявілася, на каналізацыйнай помпавай станцыі №2 абваліўся прыёмны жалезабетонны каналізацыйны калодзеж.

Каб ліквідаваць аварыю, у трох мікрараёнах Рагачова адключылі халоднае і гарачае водазабеспячэнне. Без вады засталіся 80 шматкватэрных і 300 прыватных дамоў, у якіх пражываюць каля 12 тысяч чалавек, а таксама школа і тры дашкольныя ўстановы. На сістэму ацяплення аварыя не паўплывала.

Сайт vrogacheve.ru паведамляе, што ліквідаваць аварыю ўдасца ў лепшым выпадку ўвечары 15 сакавіка. На месцы аварыі працуе аварыйная брыгада КЖЭУП "Рагачоў".

Для насельніцтва арганізаваны падвоз вады аўтацыстэрнамі ў некалькі кропак горада.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі