Авіяцыю з Баранавічаў збіраюцца адправіць на аэрадром на поўдні Беларусі
У Баранавічах рыхтуюцца да "перабазавання"
Авіяцыю з Баранавічаў збіраюцца адправіць на аэрадром на поўдні Беларусі. Робіцца гэта "у мэтах узмацнення дзяржаўнай мяжы" з Украінай. Як піша газета "Наш край", 61-я знішчальная авіяцыйная база ўжо пачала падрыхтоўку авіяцыйнай тэхнікі "для перабазавання на аператыўны аэрадром Паўднёвага аперацыйнага напрамку".
Паўднёвае аператыўнае камандаванне Узброеных сіл Беларусі было створана ў 2022 годзе. На які аэрадром перакінуць авіяцыю з Баранавічаў, невядома. Магчыма, у Лунінец. Нельга выключыць і магчымасці, што насамрэч адбываецца імітацыя актыўнай дзейнасці.
Як піша раённая газета, першай на аператыўны аэрадром адправіцца "аперадавая каманда, якая падрыхтуе месцы для прыёму і размяшчэння авіяцыйнай тэхнікі". І толькі пасля туды перабазуюцца "лётны і паветраны эшалоны".
Аляксандр Лукашэнка нядаўна заявіў, што на мяжы з Украінай знаходзіцца ледзь не траціна беларускага войска. Украінскія памежнікі сцвярджаюць, што гэта не так. Яны не назіраюць павелічэння тэхнікі або вайсковых падраздзяленняў побач з мяжой.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.