Багінская — пра Лукашэнку: хай не хваліць мяне, гэта народ супраць яго падняўся
Вядомая грамадская актывістка, адзін з сімвалаў пратэстаў Ніна Багінская адказала на словы Аляксандра Лукашэнкі, што "толькі Ніну Багінскую не забірайце з плошчаў", бо яна "перакананы чалавек". "Хай не хваліць Багінскую, гэта народ супраць яго падняўся, — цытуе словы Багінскай Радыё Свабода. — Наша цудоўная моладзь пачала аднаўляць нашы нацыянальныя сімвалы, сцяг і Пагоню, нарабіла сцягоў ва ўсіх раёнах, нарабіла сувеніраў, паўсюль вывешвае бел-чырвона-белыя сцягі".
Актывістка лічыць, што Лукашэнка зайздросціць людзям, якія маюць сапраўдную, а не фальшывую папулярнасць. А яго словы пра тое, каб яе не затрымлівалі, яна лічыць "двудушшам".
"Ён добра ведае мой узрост, што за 70 гадоў, і тое, што ў мяне хранічная хвароба, у мяне бываюць прыступы, вось нядаўна перад маршам выклікалі хуткую, — кажа Ніна Багінская. — Дык гэта міліцыянеры грошы берагуць, калі не чапаюць мяне на плошчах, бо потым ад праблем не ацярэбісся, толькі і ўсяго".
Багінская адзначыла, што Лукашэнка не згадаў шматлікія штрафы, якія ёй, пенсіянерцы, даводзіцца рэгулярна плаціць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.