Бар у Гомелі, які ладзіў вечарыну "Рускі дух", прадаваў кактэйль "Халакост"
Адміністрацыя ўстановы называе гэта "памылкай".
У меню гомельскага бара "Red Pub" журналісты заўважылі кактэйль "Халакост" з некалькіх лікёраў і сіропа "Кавун". Што агульнага мае гэты кактэйль з масавым вынішчэннем яўрэяў падчас Другой сусветнай вайны, работнікі не змаглі патлумачыць Еўрарадыё. А такую назву кактэйля проста назвалі памылкай.
Супрацоўніца рэстарана: "Гэта насамрэч памылка. Мы ўсё ўжо патлумачылі".
Паводле паведамленняў у СМІ, дырэктар установы паабяцаў выправіць памылку і выдаліць назву з меню.
Раней "Red Pub" праславіўся тым, што арганізаваў вечарыну "Рускі дух" у разгар ваеннага канфлікту ва Украіне. Тады некаторым наведнікам бясплатна прапаноўвалі выпіць гарэлку.
Нагадаем, Халакост — палітыка пераследу і масавага вынішчэння яўрэяў, якую праводзіла Германія пры Гітлеры. Гэта адзін з самых вядомых прыкладаў генацыду ў ХХ стагоддзі.
Фота: kp.by