Барановіч: Я інтуітыўна ўдарыў супрацоўніка міліцыі

Барановіч: Я інтуітыўна ўдарыў супрацоўніка міліцыі

12 сакавіка а 16-й гадзіне ў судзе Маскоўскага раёна Мінска будзе агучаны прысуд былому палітвязню Святаславу Барановічу. Яго вінавацяць у гвалце ў дачыненні міліцыянераў. У сакавіку 2017-га пасля “маршу недармаедаў” Барановіч бараніў анархістаў, якіх спрабавалі затрымаць невядомыя ў цывільным. Аказалася, што гэта былі міліцыянеры, распачалі крымінальную справу.

На судзе Святаслаў Барановіч цалкам прызнаў сваю віну. На папярэднім пасяджанні, якое прайшло 20 лютага, пракурор Сергіенка папрасіла прызначыць Барановічу пакаранне ў выглядзе чатырох гадоў пазбаўлення волі з накіраваннем у месца абмежавання волі. Адвакат заклікаў суд прызначыць абвінавачанаму пакаранне, не звязанае з абмежаваннем волі.

12 сакавіка Святаслаў Барановіч выступіў з апошнім словам: "Дарагія мамы, жанчыны, не хвалюйцеся. Кажуць, я злачынец страшны. Я інтуітыўна ўдарыў супрацоўніка міліцыі. Але адкуль я ведаў гэта? Так, я пагадзіўся з паперамі. Але вы ведаеце, у што выліваецца потым нязгода. Як бы сітуацыя не склалася, я прашу суд улічыць, што я быў цвярозы, не кантраляваў падзеі, не мог прычыніць зла супрацоўніку. Таксама ўлічыць тое, што далей я не працягнуў збіваць пацярпелага. Прашу суд паставіцца да мяне мякка і прыняць вясну як змякчальную акалічнасць, па-чалавечы. Бо мы ж усе людзі. Сёння гэты чалавек працуе ў міліцыі — гэта яго права. А тое, што я зграшыў, я не хаваю, я з гэтым згодны. Але не думаю, што будзе такі жорсткі запыт на 4 гады. Я думаў, што будзе максімум 15 сутак. Ну і ўсім здароўя, поспехаў. Хацеў бы папрасіць прыняць да ўвагі тое, што я каюся і прыношу прабачэнні супрацоўніку. Мы б маглі з ім сябраваць, нічога такога тут не бачу. Я б і хацеў краіну на спаборніцтвах (па боксе, Барановіч — былы баксёр — Еўрарадыё) прадстаўляць, карысць прыносіць. А ў турме я карысці не прынясу. Прашу суд даць мне тэрмін без накіравання ці хаця б мінімальны тэрмін".

Падтрымаць Барановіча ў суд прыйшлі палітыкі і актывісты, у тым ліку анархісты, якіх, па словах абвінавачанага, ён абараняў каля тралейбуса год таму. Праваабаронцы ўжо заявілі, што Святаслава Барановіча не прызнаюць палітвязнем. У 2011-м ён быў асуджаны за ўдзел у Плошчы-2010 на тры гады “хатняй хіміі”, і тады яго прызналі палітвязнем.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі