Баскаў — брастаўчанам: Лукашэнка абяцаў рэферэндум, я не магу мяняць яго рашэнне

Баскаў — брастаўчанам: Лукашэнка абяцаў рэферэндум, я не магу мяняць яго рашэнне

19 ліпеня праціўнікі акумулятарнага завода ў Брэсце сустрэліся з яго саўладальнікам — гендырэктарам хакейнага клуба "Дынама-Мінск" Дзмітрыем Баскавым і галоўным інжынерам праектнай арганізацыі "НПФ "Экалогія" Дзмітрыем Гурыкавым. Сустрэча адбылася ў актавай зале Брэсцкага гарвыканкама. Мадэратарам быў кіраўнік гарвыканкама Аляксандр Рагачук. Большая частка актывістаў дэманстратыўна сышла амаль на самым пачатку мерапрыемства.

Адзін з лідараў пратэстаў Дзмітрый Бекалюк нагадаў на сустрэчы, што да мясцовага рэферэндуму наконт акумулятарнага завода яны патрабуюць правесці грамадскія абмеркаванні справаздачы аб уздзеянні прадпрыемства на навакольнае асяроддзе.

Сустрэчы ў гарвыканкаме ён назваў спробай звесці людзей з плошчы. "Не можа быць вынесены на рэферэндум завод без поўнай адпаведнасці з заканадаўствам", — цытуе TUT.by словы актывіста.

Ён звярнуўся да Дзмітрыя Баскава і нагадаў дадзенае тым абяцанне: "Гэты чалавек на плошчы паабяцаў грамадскасці даслаць спецыяліста на грамадскія абмеркаванні. Ён гатовы пацвердзіць свае словы?" 

Баскаў прапанаваў пагутарыць спакойна, аднак пратэстоўцы, не дачакаўшыся адказу, падняліся са сваіх месцаў і масава пайшлі на выхад.

Размова з астатнімі працягвалася тры з паловай гадзіны. Галоўны інжынер праектнай арганізацыі "НПФ "Экалогія" Дзмітрый Гурыкаў адказваў на пытанні і прэтэнзіі праціўнікаў акумулятарнага завода. 

Прадстаўнік пратэстоўцаў Дзям'ян Лепясевіч паведаміў журналістам, што ёсць тры варыянты вырашэння праблемы: правесці грамадскія абмеркаванні па заводзе, перанесці прадпрыемства ў іншае месца або правесці рэферэндум. Сам ён схіляецца да другога з варыянтаў. 

На самім жа прадпрыемства праводзіць паўторныя грамадскія абмеркаванні справаздачы аб АУНА лічаць немэтазгодным. Дзмітрый Гурыкаў кажа, што яны не супакояць праціўнікаў завода. 

"Глядзіце, у студзені група актывістаў сказала: "Мы хочам грамадскую экалагічную экспертызу. Гэта здыме ўсе пытанні. Мы паглядзім усю дакументацыю, і ў нас не будзе пытанняў". Мы падрыхтавалі пакет дакументаў для перадачы на грамадскую экалагічную экспертызу. Адбылася яна? Не. Чаму? Першая прэтэнзія: "У вас павінны быць арыгіналы пашпартоў на абсталяванне". Мы паглядзелі заканадаўства — яны не павінны быць. Другая прэтэнзія: "У вас падробленыя даныя". Пастаўшчыкі адразу пацвердзілі [дакладнасць даных] і ў УУС, і ва ўсе дзяржорганы. Цяпер ужо прыходзяць пацверджанні па лініі Інтэрпола. Вырашыла пытанне грамадская экалагічная экспертыза? Не. Наступнае пытанне — рэферэндум. Быў кіраўнік дзяржавы, спытаў, ці хочуць актывісты рэферэндум. Сказалі: "Так, гэта было б ідэальнае рашэнне". Якое цяпер абмеркаванне рэферэндуму? Ужо меркаванні падзяліліся. Хтосьці хоча рэферэндум, хтосьці не хоча, кажа: "А раптам там будзе нешта іншае, не так, як мы хочам". Маё суб'ектыўнае меркаванне, што нават калі я зараз падрыхтую дакументацыю для АУНА і правяду грамадскае абмеркаванне, то мне скажуць: "Ну, ўсё адно не так". Таму я заняў наступную пазіцыю: ёсць патрабаванні заканадаўства, мы іх павінны выконваць. Усё", — абазначыў сваё меркаванне Гурыкаў.

На прапанову перанесці завод Дзмітрый Баскаў адказаў, што гэта будзе каштаваць каля 10 мільёнаў долараў. Ён нагадаў, што Аляксандр Лукашэнка паабяцаў актывістам правесці мясцовы рэферэндум пра лёс завода: "Вам прэзідэнт асабіста паабяцаў рэферэндум. Я ж не магу мяняць рашэнне прэзідэнта".

Брастаўчане ўжо трэці год змагаюцца супраць будаўніцтва акумулятарнага завода на ўскрайку горада. За гэты час на кіраўнікоў фірмы "АйПаўэр" паспелі пачаць крымінальную справу, уласнікі завода памяняліся, аднак пратэсты працягваюцца. Некалькі тыдняў таму Аляксандр Лукашэнка падчас візіту ў Брэст паабяцаў, што пасля прэзідэнцкіх выбараў арганізуе мясцовы рэферэндум наконт гэтага прадпрыемства. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі