Баскетбалістка Сныціна заявіла, што завершыць прафесійную кар'еру

Кацярына Сныціна

Кацярына Сныціна / Еўрарадыё

Баскетбалістка Кацярына Сныціна заявіла пра намер завяршыць прафесійную кар'еру пасля сезону 2023/2024. Гэтую заяву яна апублікавала ў сваім акаўнце ў Інстаграме.

"Прычыны? Я іх для сябе асабіста яшчэ не сфармулявала дакладна, проста я так адчуваю. А прыслухоўвацца да сябе — гэта, дарэчы, адна з многіх якасцяў, якія мне падарыў баскетбол", — кажа Сныціна.

Спартоўка адзначыла, што гэта будзе для яе 21-ы прафесійны сезон. Яна падкрэсліла, што сезон толькі пачынаецца, таму пісаць ёй пра завяршэнне кар'еры рана: "Ну, пагналі! Уступаю ў свой заключны сезон. Ён будзе доўжыцца дзевяць месяцаў, таму прымаю пажаданні толькі пра класны сезон, а не пра заканчэнне карʼеры".

Кацярына Сныціна — бронзавая прызёрка Еўра-2007 у складзе беларускай зборнай. У жніўні 2020-га яна падпісала ліст спартоўцаў за свабодныя выбары і супраць гвалту. Увесну 2021-га Кацярына абвясціла, што завяршае кар'еру ў галоўнай камандзе краіны на знак пратэсту супраць палітычных рэпрэсій у Беларусі. Цяпер яна жыве за мяжой.
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі