БДІПЧ АБСЕ: Выбарчая кампанія ў Беларусі практычна не заўважная

БДІПЧ АБСЕ: Выбарчая кампанія ў Беларусі практычна не заўважная

Назіральная місія Бюро па дэмакратычных стандартах і правах чалавека АБСЕ абнародавала прамежкавы даклад па выбарах у Беларусі. У дакуменце адзначаецца, што выбарчая кампанія ў нашай краіне практычна не заўважная, перадае БелаПАН.

Пры гэтым у дакуменце адзначаецца, што некаторыя былыя кандыдаты ў прэзідэнты, чые імёны не называюцца, "выказалі занепакоенасць працэсам рэгістрацыі кандыдатаў".

Пазітыўным крокам называецца вызваленне шасці палітвязняў, у тым ліку экс-кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча. Згадваецца, што экс-кандыдат Алесь Міхалевіч, які вярнуўся з-за мяжы 8 верасня, застаецца пад следствам у сувязі з яго меркаваным ўдзелам у пратэстах пасля выбараў 2010 года.

У дакуменце гаворыцца, што ў медыяпрасторы Беларусі дамінуюць дзяржаўныя СМІ, але некаторыя незалежныя крыніцы інфармацыі даступныя он-лайн.

Таксама місія адзначыла, што ў 2012 годзе ў выбарчым заканадаўстве Беларусі былі зробленыя некаторыя змены, якія закранулі пераважна СМІ і фінансавання кампаній. Аднак ні адна з ключавых рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ, зробленых пасля папярэдніх прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў, не была ўлічаная.

Сярод недахопаў заканадаўства ў дакладзе называюцца недакладныя правілы фармавання выбарчых камісій і працэсу праверкі подпісаў. Звяртаецца ўвага на адсутнасць мераў па арганізацыі бяспекі пры падліку галасоў, у тым ліку адсутнасць патрабавання аб публікацыі вынікаў галасавання ўчастковымі выбарчымі камісіямі.

У дакуменце гаворыцца, што "непрапарцыйныя юрыдычныя абмежаванні асноўных свабод" уплываюць на атмасферу выбарчай кампаніі. Правы грамадзян або грамадскіх арганізацый, якія жадаюць абмяркоўваць пытанні выбарчай кампаніі на публічных сустрэчах, застаюцца абмежаванымі. Свабода слова абмежаваная шэрагам крымінальных артыкулаў аб паклёпе і абразе, у тым ліку за заклікі да байкоту выбараў.

У справаздачы гаворыцца, што гарантаванае Канстытуцыяй права на свабоду слова і свабодны доступ да інфармацыі парушаецца.

Ярмошына: Перадвыбарчыя плакаты павесяць за два тыдні да выбараў

Вайны плакатаў не будзе — у кандыдатаў на іх няма грошай

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі