БДУ пра адлічэнні за нявыплаты ў БРСМ: Актывіст няўдала паактыўнічаў
"Хачу папярэдзіць, што калі студэнты, якія знаходзяцца у БРСМ, не выплацяць членскі ўнёсак за веснавы семестр, то яны атрымаюць вымову ў асабістую справу, што не ёсць добра. Наконт наступстваў — 2 вымовы=1 адлічэнне", — гэта частка паведамлення "Вконтакте", якое распаўсюдзілі сярод сяброў БРСМ эканамічнага факультэта. Заплаціць за семестр трэба 30 тысяч рублёў.
Аўтар паведамлення — намеснік сакратара БРСМ на факультэце пацвярджае Еўрарадыё, што меў на ўвазе менавіта адлічэнне з універсітэта, а не з арганізацыі. Па яго словах, унёскі заплацілі. Як праз грамадскую арганізацыю можна вынесці вымову, Еўрарадыё ён не патлумачыў.
"Гэта адзін занадта актыўны чалавек прыдумаў, а ў нас цяпер праблемы. Студэнты адзін аднаго пужаюць. Вядома, нельга атрымаць за гэта вымову", — скардзяцца Еўрарадыё ў дэканаце эканамічнага факультэта БДУ.
Вымова за нявыплаты ў БРСМ супярэчыць і уставу БДУ, і Кодэксу аб адукацыі. Яе можна атрымаць за парушэнне правілаў ВНУ: п'янства ў інтэрнаце, бойка ці паленне там, дзе нельга.
З БРСМ можна выйсці без усялякіх унёскаў, нават маючы запазычанасць, нават аўтаматычна.
"Вы проста пішаце заяву, і вас выключаюць з арганізацыі. А калі даўно не плацілі ўнёсак, то вас аўтаматычна выключылі ўжо, напэўна", — тлумачаць у цэнтральным сакратарыяце БРСМ. Вось так проста, без адлічэнняў і вымоў.