Беглы паплечнік Януковіча адкрыў у Мінску буйную карцінную галерэю

Беглы паплечнік Януковіча адкрыў у Мінску буйную карцінную галерэю

10 верасня ў Мінску ўрачыста адкрылася буйная прыватная галерэя "Дом карцін". Як даведаўся партал tut.by, адзін з уладальнікаў галерэі — экс-старшыня праўлення Дзяржаўнай харчова-збожжавай карпарацыі Украіны Ігар Якубовіч (на фота — у белай кашулі). На радзіме ён абвешчаны ў вышук.

Паведамляецца, што ён працаваў у адміністрацыі прэзідэнта ў часы Леаніда Кучмы. Пры прэзідэнцтве Віктара Юшчанкі Якубовіч сышоў у камерцыю. Пры кіраванні Віктара Януковіча працаваў намеснікам міністра аграрнай палітыкі. Потым быў кіраўніком Аграрнага фонду Украіны і старшынёй праўлення Дзяржаўнай харчовай збожжавай карпарацыі. Апошнюю пасаду Якубовіч пакінуў у сакавіку 2014 года.

У студзені 2015 года Генеральная пракуратура Украіны абвясціла яго ў вышук. Сёлета ў жніўні Пячэрскі райсуд Кіева даў дазвол Генпракуратуры на завочны пераслед былога чыноўніка. Якубовіча вінавацяць у незаконным завалоданні дзяржаўнымі сродкамі ў памеры 177 мільёнаў ​​грывен. Украінская пракуратура мяркуе, што гэтыя сродкі былі часткай кітайскага крэдыту, які ўкраінская карпарацыя ўзяла пад дзяржаўныя гарантыі для фінансавання праектаў у галіне сельскай гаспадаркі.

У размове з журналістамі tut.by Якубовіч назваў пераслед палітычным. "Гэта ніякім чынам не звязана з галерэяй", — дадаў ён.

Як паведамлялася, у кастрычніку ў "Доме карцін" адчыніцца выстава графічных працаў Шагала, Далі і Маціса. А напрыканцы 2016-га сюды прыедзе выстава Пабла Пікаса, Хуана Міро і Васіля Кандзінскага.

Фота: сацсеткі

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі