Беларусь адмовілася прапусціць польскую дапамогу для мігрантаў

Каля 30 афганскіх мігрантаў захраслі на польска-беларускай мяжы / Reuters​
Каля 30 афганскіх мігрантаў захраслі на польска-беларускай мяжы / Reuters​

Польскі гуманітарны канвой, які вёз афганскім мігрантам палаткі, коўдры і сродкі гігіены, так і не змог заехаць на тэрыторыю Беларусі. Беларускі бок, па сутнасці, адмовіў у перасячэнні мяжы, заявіў у эфіры Польскага тэлебачання намеснік міністра замежных спраў Польшчы Марцін Пшыдач.

"Мы атрымалі копію дыпламатычнай ноты, з якой вынікае адсутнасць згоды з боку Беларусі на пераход польска-беларускай мяжы польскім гуманітарным транспартам", — сказаў ён.

Польшча адправіла гуманітарную дапамогу афганскім мігрантам, якія захраслі на мяжы, у панядзелак. У Варшаве лічаць, што мігранты знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, таму МЗС Польшчы накіраваў ноту ў Мінск з просьбай даць згоду на перасячэнне мяжы канвоем.

Прэс-сакратар беларускага знешнепалітычнага ведамства Анатоль Глаз назваў канвой "мультымедыя-прадстаўленнем". Паводле яго слоў, калі б Польшча сапраўды хацела дапамагчы бежанцам, яна б забяспечыла іх усім неабходным яшчэ на сваёй тэрыторыі.

Каля 30 афганскіх бежанцаў больш за два тыдні знаходзяцца на мяжы каля мястэчка Уснаж-Гурны у Падляшскім ваяводстве. Уцекачы з Афганістана спрабавалі нелегальна перасекчы мяжу, але іх спынілі польскія памежнікі. Беларускія памежнікі са свайго боку не даюць ім магчымасці вярнуцца назад.

Паток мігрантаў у Польшчу павялічыўся пасля таго, як літоўскія і латвійскія памежнікі пачалі адпраўляць іх назад у Беларусь. Тады мігранты сталі спрабаваць трапіць у ЕС праз Польшчу. Толькі ў жніўні на гэтым участку мяжы затрымалі амаль 2 тысячы чалавек. Большасць з іх (1175) адправілі назад.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі