Беларусь да 11 лістапада прыпыняе пастаўкі свініны ў Расію

Беларусь да 11 лістапада прыпыняе пастаўкі свініны ў Расію. Пра гэта ў чацвер на перамовах дамовіліся кіраўнік Рассельгаснагляду Сяргей Данкверт і міністр сельскай гаспадаркі Беларусі Леанід Заяц.

Прыпыненне паставак звязанае з тым, што ў прадукцыі чатырох беларускіх мясакамбінатаў выявілі геном афрыканскай чумы свіней (АЧС). Абмежаванні датычаць астуджанай і замарожанай свініны, субпрадуктаў. 

Як паведамляе interfax.by са спасылкай на Рассельгаснагляд, гаворка не ідзе пра забарону паставак свініны ў Расію. Дзяржветслужба Беларусі спыняе сертыфікацыю прадукцыі свінагадоўлі для расійскага рынку ў адпаведнасці з рэжымам самаабмежавання, які дзейнічае паміж дзвюма краінамі. 

Далейшыя дзеянні будуць узгодненыя на працоўнай сустрэчы 11 лістапада. На ёй будзе прысутнічаць таксама кіраўніцтва дзяржаўнай ветэрынарнай службы Казахстана. 

Нагадаем, што геном АЧС быў знойдзены ў прадукцыі Аршанскага, Мінскага, Магілёўскага і Бабруйскага мясакамбінатаў. 

Фота — bbqmag.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі