Беларусь прыпыняе ўдзел ва "Усходнім партнёрстве"

Сцягі краін "Усходняга партнёрства"​
Сцягі краін "Усходняга партнёрства"​

Беларусь прыпыняе ўдзел у ініцыятыве Еўрасаюза "Усходняе партнёрства". Таксама наша краіна пачынае працэдуру прыпынення Пагаднення аб рэадмісіі з ЕС. "Мы не можам выконваць свае абавязанні ў рамках гэтага Пагаднення ва ўмовах уведзеных Еўрасаюзам санкцый і абмежаванняў. З глыбокім шкадаваннем канстатуем, што вымушанае прыпыненне дзеяння Пагаднення негатыўна адаб'ецца на ўзаемадзеянні з Еўрасаюзам у сферы барацьбы з нелегальнай міграцыяй і арганізаванай злачыннасцю", сказана ў заяве МЗС Беларусі.

Раней пагадненне аб рэадмісіі падавалася ўладамі як перамога беларускай дыпламатыі. Яно было адной з падстаў для таго, каб для грамадзян Беларусі патаннелі шэнгенскія візы.

Кіраўніку прадстаўніцтва ЕС у Рэспубліцы Беларусь Дзірку Шубелю прапанавана выехаць у Брусэль для кансультацый, "каб давесці свайму кіраўніцтву пазіцыю беларускага боку аб непрымальнасці ціску і санкцый". Пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ЕС таксама адклікаецца ў Мінск для кансультацый. Гэтыя жорсткія крокі МЗС Беларусі абгрунтоўвае "ўведзенымі Еўрапейскім саюзам беспрэцэдэнтнымі абмежавальнымі мерамі ў дачыненні да Беларусі".

Акрамя таго, у адказ на персанальныя санкцыі будзе забаронены ўезд у Беларусь прадстаўнікам еўраструктур і асобам з краін Еўрапейскага саюза, якія садзейнічалі ўвядзенню абмежавальных мер.

"Беларускі бок працягвае выпрацоўку іншых мер рэагавання, у тым ліку эканамічнага характару. Мы спадзяемся, што службовыя асобы ЕС і яго дзяржаў-удзельніц усведамляюць недасканаласць і бесперспектыўнасць рашэнняў аб прымяненні сілавога падыходу ў адносінах з Беларуссю. Прапановы беларускага боку аб развіцці дыялогу, узаемадзеяння і супрацоўніцтва з Еўрапейскім саюзам на аснове прынцыпаў раўнапраўя і ўзаемнай павагі застаюцца ў сіле", — сказана ў заяве МЗС.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі