Беларусь вядзе перамовы з Расіяй пра зніжэнне кошту газу на 2020 год
Беларусь вядзе перамовы з расійскай кампаніяй "Газпрам" пра зніжэнне коштаў на газ у 2020 годзе. Пра гэта заявіў міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч падчас свайго выступу ў Палаце прадстаўнікоў.
Ён звярнуў увагу, што сусветныя кошты на энерганосьбіты цяпер істотна зніжаюцца. "У гэтых абставінах беларускі бок ініцыяваў перад ПАТ "Газпрам" пытанне аб пераглядзе ў бок зніжэння кошту пастаўлянага ў 2020 годзе ў Беларусь прыроднага газу", — перадае БЕЛТА словы міністра.
Беларусь не выключае, што будзе купляць пэўныя аб'ёмы газу на біржавых пляцоўках па канкурэнтных цэнах. Гэтае пытанне будзе абмяркоўвацца на перамовах з расіянамі.
З тым, што цэны на расійскі газ могуць панізіцца, у сваім нядаўнім інтэрв'ю пагадзіўся і расійскі амбасадар у Беларусі Дзмітрый Мезенцаў. Ён адзначыў, што кошт газу памяншаецца ў адпаведнасці са зніжэннем коштаў нафты.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.