Беларуса, які адпачываў на Кіпры, занесла ў мора. Яго знайшлі на наступны дзень
Беларуса, які адпачываў на Кіпры, занесла ў мора, але ён выжыў. Як піша газета Cyprus Mail, здарэнне адбылося раніцай 28 жніўня. 34-гадовы беларус, які не першы раз адпачывае на Кіпры, купаўся ў Пафасе. Раптоўна яго падхапіла моцная плынь. Шукаць мужчыну пачалі ў той жа дзень, выкарыстоўвалі нават верталёт. Аднак выніку не было, турыста сталі лічыць загінулым.
На наступны дзень беларуса знайшлі на… адной з дарог. Высветлілася, што ён не змог вярнуцца на свой бераг, але выплыў на нейкі аддалены пляж. Сіл у яго не засталося, і ён там заснуў. І толькі на наступны дзень выйшаў да людзей. Меддапамога беларусу не спатрэбілася. Ён плануе вярнуцца на радзіму ў верасні.